НЯЁЛАВА (Марына Мсціславаўна) (н. 8.1.1947, С.-Пецярбург),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1987). Скончыла Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кіно (1969). З 1968 у студыі кінаакцёра кінастудыі «Ленфільм», з 1971 у Т-ры імя Массавета, з 1974 у т-ры «Сучаснік». Творчасці ўласцівы шчырасць і імпульсіўнасць, якія спалучаюцца з майстэрствам дасканалай прапрацоўкі ролі: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Вераніка («Вечна жывыя» В.​Розава), Люба («Фантазіі Фарацьева» А.​Сакаловай), Вольга («Спяшайцеся рабіць дабро» М.​Рошчына), Анфіса («Анфіса» А.​Андрэева), Яўгенія Сямёнаўна («Круты маршрут» паводле Я.​Гінзбург) і інш. Здымаецца ў кіно: «Слова для абароны», «Асенні марафон», «Ты ў мяне адна», «Турэмны раман», «Сібірскі цырульнік», тэлефільме «Фантазіі Фарацьева» і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1981, 1990.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «СУЧА́СНІК».

Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.​Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.​Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.​Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.​Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.​Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.​Цендракова, «Назначэнне» А.​Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.​Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.​Міхалкова паводле М.​Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.​Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.​Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.​Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.​Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.​Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1994), «Тры таварышы» А.​Гетмана паводле Э.​М.​Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.​Ахеджакава, А.​Вярцінская, В.​Гафт, А.​Даль, Н.​Дарошына, Я.​Еўсцігнееў, М.​Казакоў, І.​Кваша, Т.​Лаўрова, А.​Мягкоў, М.​Няёлава, А.​Табакоў, Л.​Талмачова, П.​Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.​Вікцюк, Кваша, Г.​Таўстаногаў, В.​Фокін, А.​Эфрас і інш.

Маскоўскі тэатр «Сучаснік».

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)