Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАТО́ЎКА,
рака ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Пціч (бас.р. Прыпяць). Даўж. 33,5 км. Пл. вадазбору 183 км². Пачынаецца за 1,8 км на З ад в. Рассвет, вусце за 4 км на ПдЗ ад чыг. ст. Рабкор. Цячэ па паўн.-ўсх.ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Рэчышча каналізаванае. На рацэ — г.п. Акцябрскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯ́БРСКІ,
гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р.Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс.ж.
Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.
Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ,
рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯ́БРСКІ РАЁН,
у Беларусі, на ПнЗ Гомельскай вобл. Утвораны 28.6.1939. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 21,3 тыс.чал. (1995); сярэдняя шчыльнасць 15 чал./км²; гарадскога 15,3%. Цэнтр — г.п.Акцябрскі, 77 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Ляскавіцкі, Парэцкі, Пратасаўскі, Чырвонаслабодскі.
Знаходзіцца ў паўн.-ўсх.ч. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна, месцамі дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць выш. 130—140 м над узр. м., найвыш. пункт 176,4 м. Карысныя выкапні: нафта (Азямлінскае і ч. Вішанскага радовішча), торф (больш за 50 радовішчаў), гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 195 дзён. Рэкі: Пціч з прытокамі Арэса і Нератоўка, Трэмля з прытокам Ветка; Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал (левы прыток Арэсы). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,5 км/км². Глебы пераважна тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Лясы (55% тэр.) хваёвыя і хваёва-шыракалістыя, трапляюцца драбналістыя і дубова-грабавыя. Агульная пл. балот 14 тыс.га. Акцябрскі фауністычны заказнік, заказнік-журавіннік Бабінец.
У эканоміцы раёна гал. роля належыць сельскай гаспадарцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 46,2 тыс.га (33% тэр.), з іх асушаных 29,1 тыс.га. Асн. галіна — жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, кармавыя культуры; з тэхн. — лён-даўгунец. У раёне прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла, спірту), дрэваапр. (лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса), здабыўной (нафта і торф, сапрапелі) прам-сці; раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка». На 1.1.1995 было 8 калгасаў і 6 саўгасаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. ветка Жлобін—Рабкор, аўтадарогі Глуск—Азарычы, Парычы—Капаткевічы. На 1995 у раёне 15 базавых і сярэднеагульнаадук. школ, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, 16 дашкольных, 20 клубных і 25 бібліятэчных устаноў, 3 бальнічныя ўстановы, зоны адпачынку (часткова) Арэса і Пціч. Музей нар. славы. Помнік архітэктуры 19 ст. — брама, помнік сядзібна-паркавага мастацтва — парк канца 19 ст. ў в. Харомцы. Помнік «Беларусь партызанская» ў в. Слабодка. Раённая газ. «Чырвоны Кастрычнік».