Немилов А. 3/532; 6/93

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НЕВАЛЬД (Grünewald) Матыяс [сапр. Готгарт Нітгарт (Найтгарт); Gothart Nithart (Neithart); 1460—80, г. Вюрцбург, Германія — 1.9.1528], нямецкі жывапісец эпохі Адраджэння. У 1508—1526 (?) прыдворны жывапісец майнцкіх архіепіскапаў і курфюрстаў. Творчасць звязана з ідэалогіяй нар. нізоў і містычнымі ерасямі. У гал. творы — 9 частках Ізенгаймскага алтара (1512—15) — трагічныя сцэны страсцей Хрыстовых («Распяцце») змяняюцца карцінамі радасці, пантэістычным успрыманнем прыроды («Раство»). Містычны вобраз Хрыста, які нібыта растае ў час успышкі яркага святла («Уваскрэсенне»),

саступае месца вобразам унутрана прасветленым, прасякнутым гуманістычным пачаткам («Святы Себасцьян»). У творах пач. 1520 г. відавочнае ўздзеянне мастацтва італьян. Адраджэння («Сустрэчы св. Эразма і Маўрыкія», 1520—24), у больш позніх зноў вяртанне да тэмы Хрыста і экспрэсіўнай драм. мовы познагатычнага жывапісу («Аплакванне Хрыста», 1524—25).

Літ.:

Немилов А.Н. Грюневвальд. М., 1972.

М.Груневальд. Распяцце Галава Хрыста. Фрагмент.
М.Груневальд. Распяцце. Цэнтральная частка Ізенгаймскага алтара. 1512—15.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы

(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.​Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.​Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш. Іл. гл. таксама ў арт. Германія.

Літ.:

Немилов А.Н. Л.​Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.

В.​Я.​Буйвал.

Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.
Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)