НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),

род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.

Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.

А.​І.​Ерашоў.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нейсе́рыі

(н.-лац. neisseria)

шарападобныя бактэрыі, якія жывуць у дыхальных шляхах млекакормячых і з’яўляюцца ўзбуджальнікамі менінгіту, ганарэі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)