Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Нарвежская рабочая партыя 7/398
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа); мова нарвежцаў. Пашырана ў Нарвегіі, ЗША. Канадзе. Афіц. мова Нарвегіі.
Мае зах. і ўсх. групы дыялектаў. Гісторыю Н.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-нарвежскі (з 9 ст.) і нованарвежскі (з 1525). З 1380 (пасля далучэння Нарвегіі да Даніі) пачала распаўсюджвацца дацкая пісьмовая мова, якая ў 16 ст. атрымала статус афіц. мовы. У выніку значнага ўплыву нарвежскага субстрату адбылося адасабленне дацка-нарвежскай літ. мовы, якая ў 19 ст. атрымала назву рыксмал. Другі варыянт літ. Н.м. — лансмал, створаны ў 19 ст. І.Осенам на аснове сінтэзу мясц. дыялектаў. У 1929 рыксмал і лансмал афіцыйна перайменаваны ў букмал і нюнорск. Найб. пашыраны букмал, блізкі па структуры да дацкай мовы. Асн. адрозненні букмала ад сучаснай дацкай мовы: муз. націск, частае выкарыстанне дыфтонгаў на месцы дацкіх манафтонгаў, глухія змычныя зычныя пасля галосных, сістэма трох родаў. Пісьменства на аснове лац. алфавіта. Найб.стараж. помнікі — рунічныя надпісы «эпохі вікінгаў» (гл.Руны і рунічныя алфавіты) і рукапісныя помнікі 2-й пал. 12 ст. (законы, легенды і інш.).
Літ.:
Якуб В.Л. Практический курс норвежского языка. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва Weserübung вучэнне на Везеры),
баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Даніі і Нарвегіі 9.4—8.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Мела на мэце захоп на Пн Еўропы стратэг. плацдарма супраць Вялікабрытаніі, а ў перспектыве і супраць СССР. План аперацыі (распрацоўваўся герм. камандаваннем са снеж. 1939, зацверджаны А.Гітлерам 1.4.1940) прадугледжваў раптоўную высадку ў Даніі і Нарвегіі герм. марскіх і паветр. дэсантаў пры садзейнічанні гал. сіл ВМФ і 5-га паветр. флоту. 9 крас.герм. ландверная і паліцэйская дывізіі, марскія і паветр. дэсанты захапілі ўсе апорныя пункты Даніі. Дацкія армія (5 малалікіх дыв.) і флот паводле загаду ўрада капітулявалі. У Нарвегіі супраць 6 разрозненых дыв. дзейнічалі лепш абучаныя і ўзброеныя ням. войскі, якія ўжо 9—10 крас. малымі сіламі (каля 10 тыс.чал.) захапілі ўсе гал. парты краіны. Ва ўмовах пагрозы брыт. марскім камунікацыям на дапамогу нарв. арміі 14—17 крас. ў Цэнтр. і Паўн. Нарвегіі высадзіліся экспедыцыйныя саюзныя англа-франка-польск. войскі. Пасля капітуляцыі нарв. войск у цэнтры краіны (3 мая) асн. баі працягваліся ў раёне Нарвіка (Паўн. Нарвегія), але 5—8 чэрв. саюзныя войскі эвакуіраваліся ў сувязі з цяжкім становішчам у Францыі (гл.Французская кампанія 1940). У выніку Н.а. Германія страціла каля 5 тыс.чал., больш за 20 баявых караблёў, Нарвегія — каля 2 тыс.чал., некалькі караблёў, саюзнікі — каля 2 тыс.чал., 18 баявых караблёў і інш.; у Даніі і Нарвегіі сфарміраваны калабарацыянісцкія ўрады (у апошняй на чале з В.Квіслінгам). Сярод польск. вайскоўцаў і маракоў, што змагаліся за Нарвегію, былі ўраджэнцы Зах. Беларусі.