НА́РБУТ (Казімір) (ЗЛ.1738, б. маёнтак Яшнец, цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.3.1807),

асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, Любяшоўскім навіцыяце, піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 у Вільні і Рыме. З 1764 праф. і прэфект піярскага калегіума ў Дубровіцы, потым запрошаны ў Вільню. З 1773 у Германіі і Францыі. Працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя; лічыў, што чалавек здольны спасцігнуць ісціну, але для яе ўстанаўлення неабходны ўсебаковы і разнастайны падыход пры даследаванні з’яў. Адстойваў ідэю неабходнасці шырокай свецкай адукацыі, фарміравання развітой асобы, цесна звязанай з практычнымі патрэбамі грамадства і часу. У 1769 выдаў у Вільні першы падручнік логікі на польск. мове. Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лац. мове. У 1773 разам з вучнямі выдаў «Выбраныя суджэнні з філасофіі».

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Дубровский В.В. Казимир Нарбут. Мн., 1979.

В.В.Краснова.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.

Г.В.Кісялёў.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Уладзімір Іванавіч) (14.4.1888, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — сак. 1938),

рускі паэт. Брат Г.І.Нарбута. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1906—12). Уваходзіў у аб’яднанне акмеістаў «Цэх паэтаў». У 1922—28 на парт. і выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1908. У першым зб. «Вершы» (1910) пераважае тэма прыроды. У паэт. зб-ках «Алілуя» (1912, арыштаваны цэнзурай; 2-е выд. 1922), «Вій» (1915), «Верацяно» (1919), «Плоць», «У вогненных слупах», «Вершы пра вайну» (усе 1920), «Вялікдзень» (1922) і інш. тэмы адчаю і надзеі, спалучэнне розных стылістычных і моўных пластоў — ад біблейскага да вясковага. Аўтар паэмы «Аляксандра Паўлаўна» (1922), апавяданняў, этнагр. нарысаў, артыкулаў пра М.Гумілёва, С.Гарадзецкага, М.Клюева, М.Цвятаеву, В.Мандэльштама і інш. Творчасці Н. ўласціва сувязь з укр. фальклорам, выкарыстанне ўкраінізмаў, царкоўнаславянізмаў, інтэнсіўнасць фарбаў, натуралізм.

Тв.:

Избр. стихи. Париж, 1983;

Стихотворения. М., 1990.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Георгій Іванавіч) (26.2.1886, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 23.5.1920),

расійскі і ўкраінскі графік. Брат У.І.Нарбута. З 1906 жыў у Пецярбургу, з 1917 у Кіеве. Вучыўся ў Л.Бакста, І.Білібіна, К.Сомава. Рэктар Укр. АМ, начальнік аддзела выяўл. мастацтва Нар. камісарыята асветы Украіны (1919). Творчасць сфарміравалася пад уплывам аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910-я г. яго чл.). Працаваў пераважна ў галіне кніжнай графікі. Творы вызначаюцца лаканізмам выяўл. сродкаў, дакладнасцю контурнага малюнка, дэкаратыўнасцю: іл. да казак «Гаршэня» і «Снягурка» (1906), «Як мышы ката хавалі» (1910), кн. «Тры байкі Крылова» (1913) і інш. З сярэдзіны 1910-х г. звяртаўся да традыцый укр. барока і нар. творчасці, арнаментыкі і геральдыкі старадаўніх укр. гравюр: іл. да кн. Г.Лукомскага «Старадаўняя архітэктура Галіцыі» (1915), афармленне «Украінскай азбукі» (1917—18, не выдадзена), час. «Мистецтво», «Зори» і інш. Аўтар акварэляў «Эней» (1919) і інш. Рабіў сілуэтныя партрэты, карыкатуры, эмблемы і інш.

Г.Нарбут. Эней. 1919.

т. 11, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Тэадор) (Фёдар Яўхімавіч; 8.11.1784, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.11.1864),

гісторык і археолаг. Скончыў Віленскі ун-т (1803). У 1803 прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. Удзельнік руска-пруска-французскай (1806—07) і руска-шведскай (1808—09) войнаў (капітан рас. арміі, ваен. інжынер). Мяркуюць, што ён з’яўляецца аўтарам праекта Бабруйскай крэпасці і ўдзельнікам яе буд-ва. З 1812 у адстаўцы, даследаваў гісторыю ВКЛ. Вёў раскопкі ў Падняпроўі. Першы ў Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам стараж. пахавання. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне недалёка ад Шаўраў (Лідскі пав.). Апісаў руіны крэпасці на Нёмане каля в. Лыскава Гродзенскага пав., даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік 16 ст. Аўтар фундаментальнага твора «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41). Увёў у навук. ўжытак шэраг крыніц, у т. л. Хроніку Быхаўца (1846). Сабраў багатую калекцыю археал. матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў (пераважна ў «Гродненских губернских ведомостях») пра Ліду, Навагрудак, Індуру і інш. Займаўся пытаннямі стараж. міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі.

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

Г.А.Каханоўскі.

Т.Нарбут.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нарбут Г. 10/453

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Нарбут К. 1/506; 3/237; 5/408, 550; 6/421; 7/396; 11/496; 12/102, 411

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Нарбут Т. (Ф. Я.) 1/169, 470; 2/325, 498; 3/83, 238; 7/396—397; 12/389, 423

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Нарбут Л. Т. 1/333; 7/396; 12/110

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»), Родапачынальнік літоўскі баярын Нарыбут (Нарбут) атрымаў маёнткі ад вял. князёў ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча [1432—40] і Казіміра [1440—92], Паводле родавай легенды, Н. былі адгалінаваннем магнацкага роду Осцікаў, таму часам пісаліся Осцікамі-Нарбутамі. Найб. вядомыя: Войцех Нарбутавіч (? — 1510?), харужы дворны ў 1501—05, маршалак гаспадарскі ў 1505—09. Мікалай Войцехавіч (? — каля 1556), староста крэўскі і мазырскі, маршалак гаспадарскі ў 1546—53, ваявода падляшскі з 1551. Станіслаў Мікалаевіч (? — 1596), староста ашмянскі, ваявода мсціслаўскі з 1595. Дамінік (? — пасля 1807?), староста міжэвіцкі, лідскі чашнік у 1770—74 і войскі ў 1774—94. Пасол на сеймы 1764, 1782, Чатырохгадовы сейм 1788—92, чл. «Згуртавання сяброў урадавай уставы». Падпісаў Віленскі акт паўстання 1794, чл. Найвышэйшай літоўскай рады. Юстын (каля 1773—25.9.1845), удзельнік паўстання 1794, гісторык. Аўтар кн. «Нарыс каранёў літоўскага народу» (Гродна, 1818, 2-е выд. 1820), «Унутраная гісторыя літоўскага народу з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II...» (т. 1—2, Вільня, 1842, 2-е выд. 1843). Станіслаў (4.5.1853, б. маёнтак Шаўры, Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 11.3.1926), урач. Д-р медыцыны (1879). Скончыў Баварскі ун-т у Мюнхене, Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. На ўласныя сродкі збудаваў бальніцу ў Браславе, дзе яму пастаўлены помнік. Гл. таксама Нарбут К., Нарбут Л.Т., Нарбут Т.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)