Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Нараўка (р.) 2/204; 7/392; 8/585, 586 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ НІ́КАР,
балота на ПнЗ Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы канала Нараўка (зарэгуляваны прыток р. Нараў). Нізіннага тыпу. Пл. 7,2 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 5,7 тыс.га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1,3 м. Частка балота ў межах Белавежскай пушчы. На тэр. пушчы балота не асушана, пераважаюць гіпнава-асаковыя асацыяцыі, месцамі драбналессе з хвоі, вольхі і бярозы. Сярод балота адзіны на Беларусі ўчастак лесу з белай піхты. Астатняя ч. асушана, пад ворывам і сенажаццю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЎСКА-Я́СЕЛЬДЗІНСКАЯ РАЎНІ́НА.
На ПдЗ Гродзенскай і ПнЗ Брэсцкай абласцей, у вярхоўях рэк Нараў і Ясельда. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Баранавіцкай раўнінай на У, Пружанскай раўнінай на Пд, заходзіць у межы Польшчы на 3. Выш. 155—185 м, пл. каля 1500 км², працягласць з 3 на У 70 км, з Пн на Пд 15—25 км. Раўніну перасякае Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Паводле В.А.Дзяменцьева, Н.-Я.р. знаходзіцца ў межах Заходне-Бел. правінцыі і вылучаецца як фізіка-геагр. падраён Прыбугскай раўніны; інш. даследчыкі адносяць яе да Палесся.
Н.-Я.р. ў асноўным прымеркавана да паўн.ч. Брэсцкай упадзіны (гл.Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Платформавы чахол складзены з тоўшчы вендскага комплексу верхняга пратэразою (сярэднія і кіслыя эфузівы і туфы), адкладаў ніжняга кембрыю (гліны, алеўрыты, пясчанікі), ардовіку (вапнякі), месцамі сілуру (гліны і мергелі), верхняй юры (гліны, пясок, вапнякі), мелу (пяскі, мел, мергель), а таксама пяскоў і глін палеагену і неагену. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—90 м) вылучаны 4 ледавіковыя гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі) марэнных суглінкаў, падзеленыя водна-ледавіковымі і міжледавіковымі адкладамі. У моцна расчлянёным рэльефе ложа антрапагену вылучаецца Нараўская лагчына ледавіковага выворвання і размыву, урэзаная да юрскіх парод.
Фарміраванне рэльефу адбывалася пад сумесным уздзеяннем ледавікоў ранняга і сярэдняга антрапагену, асн. рысы канчаткова аформлены ў час сожскага зледзянення. У пасляледавіковы час рэльеф значна пераўтвораны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня хвалістая, з участкамі асн. марэны выш. да 5 м, ускладнена дзюнамі (даўж. некалькі дзесяткаў метраў, выш. да 6 м), лагчынамі (глыб. 2—2,5 м) і западзінамі (дыяметрам 20—30 м). У поймах рэк трапляюцца берагавыя валы (выш. 1—2 м). Гал. рэкі: Нараў з прытокамі Нараўка і Рудаўка; Ясельда з Цемрай. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, у паўн.ч. — яловыя лясы, трапляюцца шыракалістыя дубовыя, грабавыя, ясянёвыя лясы; невял. ўчасткі з дубровамі. Раўніна моцна забалочаная. Больш за 20 тыс.га асушана. На тэр. раўніны ч.нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік Дзікае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
буйны лясны масіў на тэр. Беларусі (Брэсцкая і Гродзенская вобл.) і Польшчы, на водападзеле бас. Нёмана, Зах. Буга і Прыпяці. Агульная пл. больш за 150 тыс.га, з іх у Беларусі 87,5 тыс.га. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы. Першыя абмежаванні на паляванне ўведзены ў 13 ст., з 1541 у Белавежскай пушчы пачаў ахоўвацца зубр, з 1640 забаронена высечка лесу. Занесена ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі — дзярж.нац. парк Белавежская пушча, у межах Польшчы — Белавежскі нацыянальны парк.
Рэльеф Белавежскай пушчы — узгорыстая раўніна; найб. узвышаная цэнтр.ч., на ПдУ — Белавежская града. Клімат умерана цёплы. Найб. рэкі (бас. Буга): Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. Воз. Лядскае (штучнае) і вадасх.Белавежская пушча. Глебы на Пд і Пн пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтр.ч. бурыя лясныя (у нізінах трапляюцца балотныя і тарфяна-глеевыя).
У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, больш за 200 мохападобных, каля 290 лішайнікаў і больш за 2000 відаў грыбоў. Асн. лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, вольха, бяроза, дуб і інш. Пад лесам больш за 88% тэр. Пераважаюць бары (пад лесам каля 60% плошчы). Ельнікаў 10,3%. Шыракалістыя лясы (дубовыя, ясянёвыя, кляновыя і грабавыя) займаюць 6,8%, карэнныя чорнаальховыя і пушыстабярозавыя адпаведна 15,5 і 8,2, вытворныя драбналістыя (бародаўчатабярозавыя і асінавыя) 7,7%. Расце 26 відаў дрэў. Лясы належаць да вялікаўзроставых у Еўропе. Узрост бароў дасягае 180—200 гадоў, ельнікаў 120—160, дуброў 180—220. Захаваліся асобныя дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоў, выш. 35 м), елка (200 гадоў, 52 м), дуб (500 гадоў, дыяметр да 190 см) і інш. У фауне 59 відаў млекакормячых, 227 птушак, 11 земнаводных, 7 паўзуноў, 28 відаў рыб і 8,5 тыс. відаў насякомых. Белавежская пушча — апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрап. фауны зубра (каля 300 асобін, 1995). Водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік, воўк, ліс, барсук, гарнастай, ласка, куніца, янотападобны сабака, выдра, бабёр (рэакліматызаваны ў 1956), зайцы русак і бяляк (апошні рэдкі), вавёрка, соні палчок, арэшнікавая і лясная, лятучыя мышы (13 відаў) і інш. Да пач. 17 ст. трапляўся тур, да пач. 19 ст. — лясны тарпан. З канца 19 ст. рабіліся спробы акліматызацыі лані (знікла ў пач. 1930-х г.), у 1962 завезены 5 тарпанападобных коней з Польшчы. Буры мядзведзь знішчаны ў сярэдзіне 19 ст. У невял. колькасці трапляецца рысь. У арнітафауне — тыповыя зах. віды (чырвоны каршун, канарэйкавы ўюрок), паўн. таежныя (трохпальцавы дзяцел, гіль, барадатая няясыць), птушкі паўд. шыракалістых лясоў (дзятлы зялёны і сівы, чаротніца дроздападобная, валасянка ястрабіная). Жывуць белы і чорны буслы, гогаль, 20 відаў драпежных птушак (у т. л. змеяед, вялікі і малы падворлікі, арол-карлік, асаед, сокалы сапсан і каршачок, пустальга) і інш. На тэр. Белавежскай пушчы унікальныя прыродныя аб’екты: хвоя з пласцінкамі кары ў выглядзе каўнерыка, ніцая форма елкі, папарацевыя зараснікі, участкі піхты белай і дубу скальнага і інш. Складзены спіс 110 рэдкіх раслін пушчы, якія падлягаюць асаблівай ахове, 47 відаў раслін і 73 віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Працуе Музей прыроды Белавежскай пушчы (1945).
Літ.:
Карцов Г Беловежская пуща: Ее ист. очерк, соврем. охотничье хоз. и высочайшие охоты в пуще. СПб., 1903;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 64,3 тыс.чал. (2000), гарадскога 40,3%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пружаны. Уключае г.п.Ружаны і Шарашова, 243 сельскія населеныя пункты, Ружанскі і Шарашоўскі пасялковыя Саветы, 20 сельсаветаў: Бакунскі, Варанілавіцкі, Велікасельскі, Гарадзечанскі, Зеляневіцкі, Крыніцкі, Лінаўскі, Лыскаўскі, Мокраўскі, Навазасімавіцкі, Паўлаўскі, Пружанскі, Роўбіцкі, Ружанскі, Смалянскі, Старавольскі, Сухопальскі, Хараўскі, Шаняўскі, Шчарчоўскі.
Большая ч.тэр. раёна ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня раўнінная, на асобных участках спадзістахвалістая, 80% яе на выш. 150—170 м, 17% вышэй за 170 м, найвыш. пункт 202 м (за 6 км на ПнУ ад г.п. Ружаны). Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Найб. рэкі Ясельда. Зальвянка, Нараў, Нараўка, Левая Лясная. Каналы Вінец і Мухавец. Вадасх. Гута, Паперня, Руднікі, Залессе. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (32%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (28%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,8%). Пад лесам 43,6%. Лясы пераважна хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, яловыя, трапляюцца дубовыя, асінавыя, грабавыя. Найб. лясныя масівы Белавежская пушча і Ружанская пушча. Каля 40% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 3,3%. Найб. балота Дзікае. На тэр. раёна ч.нац. парку Белавежская пушча, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Міхалінска-Бярозаўскі. Ружанская пушча, Буслаўка, гідралагічны — Дзікае. Заказнікі мясц. значэння: біял. Выдранка, Папялёва і гідралагічны Зальвянка.
Ахоўныя тарфянікі: Гай, Лібертполь, Парасліна, Ясенец. Помнікі прыроды рэсп. значэння: піхты белыя Лінаўскія і насаджэнне хвоі веймутавай у Лінаўскім лясніцтве; мясц. значэння: парк «Пружаны» ў г. Пружаны і школьны дэндрарый у г.п. Ружаны.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 131,6 тыс.га, з іх асушаных 47,6 тыс.га. На 1.4.2001 у раёне 23 калгасы, 5 саўгасаў, 34 фермерскія гаспадаркі, Аранчыцкая птушкафабрыка, эксперым. базы «Белавусаўшчына» і «Светлы шлях». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, лён, бульбу. Прадпрыемствы харч. (сыр, масла, цэльнамалочныя прадукты, сухое абястлушчанае малако, плодаагароднінныя кансервы і інш.), мэблевай, кааператыўнай, першаснай апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці, з-д радыёдэталей, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Масква, аўтадарогі Слонім—Высокае, Пружаны—Бяроза, Свіслач—Поразава—Пружаны, Гродна—Ваўкавыск—Івацэвічы, Пружаны—мяжа Польшчы. У раёне 31 сярэдняя (у т. л. 1 вячэрняя), 8 базавых, 4 пач. школы, школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, 2 цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтр сучасных сродкаў навучання, турыстычная база, 36 дашкольных устаноў, 60 дамоў культуры і клубаў, 62 б-кі, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў, абласная псіхіятрычная бальніца. Музеі: народны музей-сядзіба «Пружанскі палацык», нар. музей славы, працы, краязнаўства ў аграрна-тэхн. каледжы ў г. Пружаны. Помнікі архітэктуры: цэрквы — Крыжаўзвіжанская (1914) у в. Аранчыцы, Аляксандра Неўскага (1888) у в. Блізная, Мікалаеўская (1799) у в. Вяжное, Пакроўская (1825) у в. Гарадзечна, Мікалаеўская (1811) у в. Засімавічы, Крыжаўзвіжанская (1878) у в. Зельзін, Прачысценская (1834) у в. Круглае, касцёл (пач. 20 ст.) у в. Лінава 1-е, кляштар місіянераў (1763—85) і царква Раства Багародзіцы (1930) у в. Лыскава, Петрапаўлаўская царква (2 пал. 19 ст.) у в. Мокрае, царква (1903) у в. Смаляніца, Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухопаль, царква (19 ст.) у в. Ялова. Гіст. помнік — рэшткі каралеўскага замка (15—18 ст.) каля в. Лыскава, археал. помнік — каменны ідал у в. Буцькі. На тэр. раёна ў Белавежскай пушчы ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі. Выдаюцца газ. «Раённыя будні», «Голас Пружаны».