НАПА́ТА,

старажытны горад у Судане на ўсх. беразе Ніла, паблізу 4-га парога. У пач. Новага царства (16 ст. да н.э.) егіпцяне пабудавалі туг крэпасць. Егіп. фараон Тутмос III збудаваў у горадзе храм бога Амона-Ра. Упершыню наз. Н. ў 15 ст. да н.э. ў надпісе яго пераемніка Аменхатэпа II. Росквіт прыпадае на 9—8 ст. да н.э., калі Н. ўвайшла ў склад Мераіцкага царства, з 8 ст. да н.э. яго рэліг. сталіца. У 23 да н.э. рымляне зруйнавалі і разрабавалі горад, жыхароў узялі ў палон. У ант. крыніцах Н. згадваецца ў сярэдзіне 2 ст. н.э. як адно з паселішчаў. Зберагліся рэшткі храмаў Амона-Ра (1456 да н.э.), Амона (7 ст. да н.э.), грабніцы ў выглядзе пірамід (8—7 ст. да н.э.). Знойдзены каменныя статуі багоў і цароў, сфінксы, залатая статуэтка царыцы і інш.

т. 11, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХУ́РЫ,

у іранскай міфалогіі клас боскіх істот, якія змагаліся за ўпарадкаванне космасу і соцыуму, супраць хаосу, цемры і зла. Супрацьпастаўляліся сваім малодшым братам, злым духам дэвам. Свяшчэнная кніга зораастрызму «Авеста» называе ахурамі Ахурамазду, Мітру і духа вады Апам-Напата.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РАЭ, Мероэ (грэч. Meroē),

старажытны горад у Судане, на Пд ад 5-га парога Ніла (паміж вёскамі Кігейк, Дэркаб і Бегаравія), сталіца Мераіцкага царства ў 9—8 ст. да н.э. — 8—9 ст. н.э. Зручнае геагр. размяшчэнне (караванныя шляхі ад Ніла і Чырвонага м. да Міжземнамор’я), радовішча жал. руды садзейнічалі ўзвышэнню горада. У М. ўзнік першы ў Афрыцы алфавіт. Каля 330—340 н.э. заваявана Аксумскім царствам. З пач. 20 ст. вядуцца археал. раскопкі. Захаваліся руіны замкаў, рым. лазняў, абсерваторыі, храмаў Амона, Ісіды і інш. Асноўная тэр. М. занята жылымі кварталамі і вытв. майстэрнямі. На У ад М. некропалі: адзін царскі і 2 агульныя.

Літ.:

Кацнельсон И.С. Напата и Мероэ — древние царства Судана. М., 1970;

Мероэ. Вып 1—4. М., 1977—89.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)