Міндэль-рыскае міжледавікоўе, гл. Ліхвінскае міжледавікоўе
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НДЭЛЬСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, міндэль (назва ад р. Міндэль, прытока Дуная, на тэр. Германіі),
раннеплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах. Уключае 2 зледзяненні. Тэрмін М.з. пашыраны і для скандынаўскага зледзянення. На тэр. Зах. і Сярэдняй Еўропы адпавядае англійскаму і эльстэрскаму, Польшчы — санскаму, Расіі — окскаму, Паўд. Амерыкі — канзаскаму зледзяненням, на тэр. Беларусі — бярэзінскаму зледзяненню.
А.Ф.Санько.
т. 10, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́СКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ (ад ням Riß — назва прытока Дуная),
рыс, эпоха максімальнага сярэднеплейстацэнавага зледзянення вобласці Альпаў. На раўнінах Зах. Еўропы ёй адпавядае эпоха заальскага, на Беларусі — дняпроўскага зледзянення, у Паўн. Амерыцы — ілінойскага зледзянення. Доўжылася ад канца міндэль-рыскага (александрыйскага) да пачатку рыс-вюрмскага (муравінскага) міжледавікоўяў. Скончылася каля 130 тыс. г. назад. Складалася з дзвюх стадый — рыс I і рыс II (варта, сож). У часы першай з іх ледавік укрываў усю тэр. Беларусі, а другой — дасягаў паўн. краю Палесся.
А.Ф.Санько.
т. 13, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Александрыя ў Шклоўскім р—не Магілёўскай вобл.),
ліхвінскае міжледавікоўе, міндэль—рыскае міжледавікоўе, міжледавіковая эпоха пач. сярэдняга антрапагену (320—460 тыс. г. назад). Наступіла пасля бярэзінскага зледзянення і папярэднічала макс. На Беларусі дняпроўскаму зледзяненню. Доўжылася 140 тыс. гадоў. Адклады Александрыйскага міжледавікоўя залягаюць на глыбіні ад 5—10 м на ПдЗ і З рэспублікі да 50—80 м у сярэдняй і паўн. частках; з’яўляюцца гарызонтам, які падзяляе антрапагенавую тоўшчу на 2 роўныя па магутнасці часткі. Ёсць у пахаваных рачных далінах, азёрных і балотных катлавінах, ледавіковых лагчынах. Прадстаўлены азёрнымі (супескі, суглінкі, дыятаміты, сапрапеліты, мергелі, алеўрыты), балотнымі (торф, гумусавыя супескі), алювіяльнымі (пяскі з лінзамі торфу, суглінку, супеску) утварэннямі. Вылучаецца значнай працягласцю, субатлантычным умерана цёплым кліматам, найб. падабенствам да пліяцэну па палеагеаграфічных умовах.
М.Я.Зусь.
т. 1, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)