МЯ́СІН (Massine) Леанід Фёдаравіч (8.8.1895, Масква —15.3.1979),

расійскі і франц. танцоўшчык, балетмайстар. Скончыў Маскоўскае тэатр, вучылішча (1912), вучань А.Горскага. З 1912 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1914—28 (з перапынкам) у трупе Рускі балет Дзягілева. З 1932 у франц. трупе «Бале рус дэ Монтэ-Карла» (з 1933 гал. балетмайстар), з 1947 ставіў балеты ў т-рах Еўропы і ЗША. Сярод партый: Іосіф («Легенда пра Іосіфа» Р.​Штрауса), Пятрушка («Пятрушка» І.​Стравінскага), Млынар («Трохвуголка» М. дэ Фальі) і інш. З 1915 і харэограф. Узбагаціў выразныя сродкі балетнай сімфоніі як жанру 20 ст. Яго жанрава-характарныя пастаноўкі ўключалі танец, мастацтва і фальклор розных краін і эпох: «Жанчыны ў добрым настроі» на муз. Д.​Скарлаці, «Трохвуголка»; «Пульчынела» і «Песня салаўя» на муз. Стравінскага, «Меркурый» Э.​Саці, «Цудоўны Дунай» на муз. І.​Штрауса, «Стальны скок» С.​Пракоф’ева. Пастаўленыя ім сімф. балеты вызначаліся эмацыянальнасцю, маляўнічасцю: «Прадвесце» на муз. 5-й сімф. П.​Чайкоўскага, «Фантастычная сімфонія» на муз. Г.​Берліёза, «7-я сімфонія» на муз. Л.​Бетховена, «Чырвонае і чорнае» на муз. 1-й сімф. і «Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча. Аўтар успамінаў «Маё жыццё ў балеце» (1960, рус. пер. 1997).

Літ.:

Тихонова Н. Девушка в синем. М., 1992;

Лифарь С. Дягилев. СПб., 1993.

Л.Мясін у ролі Іосіфа.

т. 11, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́СКІ БАЛЕ́Т ДЗЯ́ГІЛЕВА»

(Les Ballets Russes de Diaghilev),

пастаянная балетная трупа, створаная С.П.Дзягілевым на базе «Рускіх сезонаў» за мяжой у 1911—13 (праіснавала да 1929). Першымі харэографамі былі М.​Фокін, В.​Ніжынскі, пазней Б.​Раманаў, Л.​Мясін, Б.​Ніжынская, Дж.​Баланчын. Афармлялі спектаклі Л.​Бакст, А.​Бенуа, А.​Галавін, М.​Рэрых і інш. У балетах выступалі К.​Гельцэр, Г.​Паўлава, Т.​Карсавіна, Ніжынскі і інш. Трупа папаўнялася замежнымі танцоўшчыкамі, мастакамі і паступова ператварылася ў агульнаеўрап. культурную з’яву. Акрамя балетаў рус. кампазітараў (І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева) ставіліся спектаклі замежных кампазітараў, пераважна франц., створаныя для трупы Дзягілева: «Блакітны бог» Р.​Ана (1912), «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля (1912), балет на музыку «Пасля паўдзённага адпачынку фаўна», «Гульні» (1912) К.​Дэбюсі, «Лані» Ф.​Пуленка (1924) і інш.

Літ.:

Григорьев С.Д. Балет Дягилева, 1909—1929. М., 1993;

Haskell A. Ballet Russe: The Age of Diaghilev. London. 1968;

Kochno B. Diaghilev and the Ballets Russes. London, 1971;

Larionov M. Diaghilev et les Ballets Russes. Paris, 1971.

К.​М.​Дулава.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ГІЛЕЎ Сяргей Паўлавіч (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),

рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.​Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.​Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.​Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.​Пракоф’ева, а таксама К.​Дэбюсі, М.​Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.​Фокін, В.​Ніжынскі, Л.​Мясін, Б.​Ніжынская, Дж.​Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.​Карсавіна, М.​Кшасінская.

М.​Мордкін, Г.​Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;

Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;

Лифарь С. М.​С.​Дягилевым. СПб., 1994.

С.П.Дзягілеў Фрагмент карціны Л.​Бакста. 1906.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)