МУСАЛІ́НІ ((Mussolini) Беніта Амількар Андрэа) (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),

заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл. Італьян. сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац. фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.

Літ.:

Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;

Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;

Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ. М., 1996.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мусаліні Б. 5/172, 381; 7/320, 322; 10/649

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВА́ЛЯ—МУСАЛІ́НІ ПАГАДНЕ́ННІ 1935, Рымскі пакт. Падпісаны 7.1.1935 у Рыме міністрам замежных спраў Францыі П.Лавалем і фаш. дыктатарам Італіі Б.Мусаліні. Ініцыіраваны франц. урадам, каб скіраваць экспансію Італіі з Балканаў і бас. Дуная ў бок Афрыкі. Прадугледжвалі ўступку Італіі часткі франц. калан. уладанняў у Афрыцы (114 тыс. км² каля паўд. мяжы Лівіі, каля 800 км² на мяжы Італьян. Эрытрэі, в-аў Думейра), перадачу ёй 20% акцый чыг. Джыбуці—Адыс-Абеба, згоду Францыі на эканам. перавагу Італіі ў Эфіопіі (у сакрэтным парадку і ваен. ўварванне), спыненне Італіяй антыфранц. дзейнасці ў Тунісе і інш. Садзейнічалі падрыхтоўцы італа-эфіопскай вайны 1935—36. Дэнансаваны Італіяй у снеж. 1938.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ду́чэ

(іт. duce = правадыр)

тытул фашысцкага дыктатара Б. Мусаліні ў Італіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л III (Vittorio Emanuele; 11.11.1869—28.12.1947),

апошні кароль Італіі [1900—46]. У 1922 пасля «Маршу на Рым» Б.Мусаліні прызначыў яго кіраўніком урада. Падтрымліваў фаш. дыктатуру ў Італіі. У 1943 пад пагрозай масавых хваляванняў у краіне адхіліў Мусаліні ад улады (т.зв. дварцовы пераварот 25.7.1943). Каб захаваць манархію, 5.6.1944 перадаў уладу свайму сыну Умберта, 9.5.1946 адрокся ад прастола. У выніку рэферэндуму 18.6.1946 Італія абвешчана рэспублікай.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКАРДА́Т (ад позналац. concordatum згода, пагадненне),

пагадненне паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам якой-н. дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях (назначэнне епіскапаў, царк. ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, пытанні сям’і і шлюбу, умовы дыпламат. зносін з Ватыканам і інш.).

Найб. вядомыя: Вормскі канкардат 1122; Балонскі К. 1516 (замацаваў залежнасць франц. царквы ад караля); К. 1801 папы Пія VII і Напалеона I; К. 1847 з Расіяй; К. 1929 з урадам Мусаліні (гл. Латэранскія дагаворы);К. 1933 з гітлераўскім урадам Германіі; К. 1953 з урадам Франка ў Іспаніі (у 1976 унесены змены ў К. Ватыкана з Іспаніяй). У 1984 урадам Італіі падпісана пагадненне з Ватыканам, у якім перагледжаны шэраг палажэнняў К.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВА́ЛЬ ((Laval) П’ер) (26.6.1883, Шатэльдон, Францыя — 15.10.1945),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Адвакат. Дэп. парламента (1914—26), сенатар (1927—40). Міністр грамадскіх работ (1925), юстыцыі (1926), працы (1930, 1932), калоній (1934), замежных спраў (1932, 1934—35, 1935—36) і прэм’ер-міністр Францыі (1931—32, 1935—36). Ад імя Францыі падпісаў Лаваля—Мусаліні пагадненні 1935, пакты аб узаемадапамозе з СССР (2.5.1935) і Чэхаславакіяй (16.5.1935). У 2-ю сусв. вайну дзярж. міністр ва ўрадзе А.Ф.Петэна (чэрв.ліп. 1940), нам. прэм’ер-міністра (ліп.снеж. 1940), міністр замежных спраў (кастр.снеж. 1940) і прэм’ер-міністр урада «Вішы» (1942—44). З канца 1944 у Германіі. У 1945 перададзены амер. вайскоўцамі ўладам Францыі, засуджаны і пакараны смерцю як галоўны франц. калабарацыяніст.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НШЛЮС (ням. Anschluß літар. далучэнне),

патрабаванне аб’яднаць Аўстрыю з Германіяй у адзіную дзяржаву ў праграмах часткі аўстр. і герм. паліт. сіл пасля 1-й сусв. вайны. Рэалізаваны ў 1938—45. Спробы аншлюсу былі ў 1918, 1931 і 1934. 12.11.1918 Часовы нац. сход Аўстрыі па ініцыятыве дэпутатаў ад сацыял-дэмакратаў О.Баўэра, В.Адлера, К.Рэнера і інш. самавольна абвясціў краіну састаўной часткай Герм. рэспублікі. Распачатая Баўэрам і яго паплечнікамі прапаганда аншлюсу не была падтрымана большасцю насельніцтва Аўстрыі. Баючыся ўзмацнення Германіі за кошт Аўстрыі, дзяржавы-пераможцы ў 1-й сусв. вайне забаранілі аншлюс. У сак. 1931 Германія і Аўстрыя падпісалі пагадненне аб мытным саюзе («халодны аншлюс»). Пратэсты ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Чэхаславакіі і Міжнар. суд у Гаазе прымусілі Германію і Аўстрыю адмовіцца ад пагаднення. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нац.-сацыялістаў (1933) і актывізацыі з іх боку руху за аншлюс аўстр. Хрысціянска-сацыяльная і Сацыял.-дэмакр. партыі выключылі патрабаванні аншлюса са сваіх праграм. У ліп. 1934 супраць намагання Гітлера прывесці да ўлады ў Вене мясц. нацыстаў і здзейсніць аншлюс выступіў фаш. дыктатар Італіі Мусаліні. У канцы 1937 — пач. 1938 Гітлер, дамогшыся згоды Мусаліні і не сустрэўшы пярэчанняў з боку Вялікабрытаніі і ЗША, забяспечыў знешнепаліт. падтрымку аншлюсу. У лют. 1938 ён прымусіў пайсці ў адстаўку аўстр. ўрад К.Шушніга. Прызначаны яшчэ гэтым урадам на 13 сак. плебісцыт праходзіў пад кантролем уведзеных у Аўстрыю 12.3.1938 герм. войскаў, што адбілася на яго выніках — 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс. На пач. крас. 1938 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША ліквідавалі свае дыпламат. місіі ў Вене, фактычна прызнаўшы аншлюс. У канцы 2-й сусв. вайны, пасля таго як тэр. Аўстрыі была занята войскамі краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымусовы аншлюс ануляваны і адноўлена незалежная аўстр. дзяржава (1945).

Да арт. Аншлюс. Войскі Германіі ўступаюць у Вену. 1938.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1941,

аперацыя ўзбр. сіл фаш. Германіі, Італіі і Венгрыі 6—29.4.1941 па разгроме югасл. і грэч. армій у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана гітлераўскім камандаваннем пасля няўдач войскаў Мусаліні ў развязанай ім 28.10.1940 вайне супраць Грэцыі (аперацыя «Марыта») і адмовы новага югасл. ўрада ген. Д.Сімовіча ўступіць у саюз з Германіяй. Наступленне на Югаславію адначасова вялі з тэр. Балгарыі, Венгрыі і Аўстрыі больш за 80 ням., італьян. і венг. дывізій, якія прарвалі абарону югасл. арміі (няпоўных 40 дывізій) і 12 крас. ўвайшлі ў Бялград. 17 крас. Югаславія капітулявала. У Грэцыі былі разбіты 15 грэч. дывізій і Брыт. экспедыцыйны корпус (2 дывізіі і танк. брыгада). 29 крас. грэч. камандаванне падпісала акт аб капітуляцыі. Брыт. флот эвакуіраваў свае сухап. часці з Грэцыі на в-аў Крыт.

Літ.:

Международные отношения и страны Центральной и Юго-Восточной Европы в период фашистской агрессии на Балканах и подготовки нападения на СССР (сентябрь 1940 — нюнь 1941). М., 1992.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,

сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.

Літ.:

Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)