Млыны́

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. Млыны́
Р. Млыно́ў
Д. Млына́м
В. Млыны́
Т. Млына́мі
М. Млына́х

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

млы́н

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. млы́н млыны́
Р. млына́ млыно́ў
Д. млыну́ млына́м
В. млы́н млыны́
Т. млыно́м млына́мі
М. млыне́ млына́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,

машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.

Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыныветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.

Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-д мукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.

У.​М.​Сацута.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сінаго́га, ‑і, ДМ ‑гозе, ж.

Яўрэйскі малітоўны дом. Мала хто з яўрэяў разумеў словы, якія гаварыў [Моська] богу ў сінагозе ці дома. Корбан. Тут [у мястэчку] ёсць цагляная лазня, царква св. Магдалены, два млыны, дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Колас.

[Ад грэч. synagōgē — сход.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаравы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шара (у 1 знач.). Шаравая паверхня. // Які мае форму шара; шарападобны. Шаравая маланка. Шаравыя міны.

2. Які мае ў сваёй будове, канструкцыі шарападобныя часткі. Шаравы клапан. □ Шаравыя млыны таксама мяняць трэба на больш моцныя. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МУКАМО́ЛЬНА-КРУПЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прам-сці па перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Адна са старэйшых галін харчовай прамысловасці Беларусі.

Да пач. 20 ст. ў Беларусі пераважалі дробныя прадпрыемствы (вадзяныя млыны і ветракі) з 1—2 рабочымі. Большасць сялян вырабляла муку і крупы ў хатніх умовах з дапамогай жорнаў, ступы і інш. Першы вял. на той час вадзяны шасціпастаўны млын пабудаваны ў 1826 у фальварку Забалоцце Аршанскага пав. (працавала 18 чал., збожжа прывозілі пераважна водным шляхам па Дняпры з Украіны). У 1860 у Беларусі дзейнічалі 1834 мукамольныя прадпрыемствы (вадзяныя, ветраныя, конныя і паравыя млыны), на якіх працавала 2730 рабочых, выраблялася 2956 тыс. пудоў мукі. У 1920—30-я г. прадпрыемствы М.-к.п. рэканструяваны, пабудаваны механізаваныя млыны, у т. л. млынкамбінаты у Гомелі, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слуцку. У 1940 выраблена мукі 873,1 тыс., круп 50,8 тыс. т. У пасляваенны час М.-к.п. развівалася на новай тэхн. аснове, што дало магчымасць пастаўляць яе ў інш. рэспублікі.

У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 1934 прадпрыемствы і вытворчасці М.-к.п. У 1997 выпрацавана мукі 1372,5 тыс., круп 97,3 тыс. т. Вял. млынкамбінаты працуюць у Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Полацку, Калінкавічах, Рэчыцы, Асіповічах, Баранавічах, Лідзе, Пінску, Клімавічах, Слуцку, Брэсце і інш.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Мукамольна-крупяная прамысловасць. Гомельскі млынкамбінат.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́РЭДЗЬХА́ЗА (Nyíregyháza),

горад на ПнУ Венгрыі. Адм. ц. медзьё Сабальч-Сатмар. Засн. ў 1786. Каля 170 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (агароднінакансервавы з-д, вытв-сць алею, млыны і інш.), тытунёвая, шынная, эл.-тэхн., папяровая, швейная. Этнагр. музей пад адкрытым небам.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,

вёска ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Калодзішчы. 2390 ж., 938 двароў (1995).

Стараж. назва паселішча Гарадок, з 19 ст. наз. Астрашыцкім ад в. Астрошыцы, б. цэнтра ўладання. У 1650 мястэчка. У 17—19 ст. існавалі Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. У 1745 — 30 двароў, фальварак, пякарня, бровар, млыны і інш. У 1886 цэнтр воласці Мінскага пав., 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня. 11 крам, 4 млыны; у 1897 — 1115 ж. У 1924—31 цэнтр Астрашыцка-Гарадоцкага р-на, потым вёска ў падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім раёне.

Мэблевая ф-ка, доследна-мех. з-д, рамонтна-буд. ўпраўленне. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Царква і капліца — помнікі архітэктуры канца 19 ст. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЬНІ́Н,

горад на Пд Кітая. Адм., прамысл., навук. і культ. цэнтр Гуансі-Чжуанскага аўт. раёна. 1,1 млн. ж., з прыгарадамі 2,6 млн. ж. (1992). Трансп. вузел. Порт на р. Юцзян (Сіцзян). Цэнтр важнага с.-г. раёна. Прам-сць: каляровая і чорная металургія, маш.-буд. (рачныя судны, станкі, горнае абсталяванне, с.-г. машыны), хім., харч. (мясакамбінат, млыны, цукр. з-ды), лёгкая, папяровая. Ун-т.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРМАПРЫГАТАВА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

устаноўкі, апараты і агрэгаты для прыгатавання (мех. і цеплавой апрацоўкі) кармоў да скормлівання жывёлам.

Для прыгатавання грубых і зялёных кармоў выкарыстоўваюць саломасіласарэзкі, універсальныя здрабняльнікі кармоў; для сакавітых кармоў — коранеклубнямыйкі, каранярэзкі, бульба- і клубнямялкі, цёркі і інш.; для канцэнтраваных кармоў — млыны зерневыя, макухадрабілкі, малатковыя драбілкі, змяшальнікі. Для цеплавой апрацоўкі кармоў ужываюць запарнікі-змяшальнікі кармоў. Ёсць таксама агрэгаты для прыгатавання травяной мукі, гранулятары і брыкетавальнікі кармоў, комплексныя кормапрыгатавальныя агрэгаты і інш.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)