МЕХАНА... (ад грэч. mēchanē прылада, машына), састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да мех. руху, механікі або механізма і азначае: дзейнічае пры дапамозе механізма, падобна механізму (напр., механатрон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
механа...
Першая састаўная частка складаных слоў са знач. механізм, механічны, напр.: механагідраўлічны, механазборачны, механатэрапія, механаўзброенасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
механа...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «механізм», «механічны», напрыклад: механаапрацоўчы, механазборачны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МЕХАНАТЭРАПІ́Я (ад механа... + тэрапія),
метад лячэння хворых лакалізаванымі і дазаванымі фіз. практыкаваннямі на спец. апаратах; састаўная частка лячэбнай фізічнай культуры. Распрацавана швед. урачом Г.Цандэрам (1857). Выкарыстоўваецца пры недастатковай рухомасці суставаў, рэабілітацыі пасля пераломаў і інш. З дапамогай апаратаў можна павялічваць ці змяншаць нагрузкі на суставы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,
сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб. пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатак (у шахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).
Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.
На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.
Б.А.Багатаў, П.Я.Антонаў.
Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).