Метэарыты 6/592; 7/162, 163

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРЫ́ТЫ,

малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл. Метэоры).

У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн. км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.

Літ.:

Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;

Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ. М., 1971;

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

метэары́т

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. метэары́т метэары́ты
Р. метэары́та метэары́таў
Д. метэары́ту метэары́там
В. метэары́т метэары́ты
Т. метэары́там метэары́тамі
М. метэары́це метэары́тах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

незямны́, -а́я, -о́е.

1. Які знаходзіцца па-за межамі Зямлі (у 1 знач.).

Метэарыты — незямныя целы.

2. перан. Узвышаны, незвычайны; ідэальны (высок.).

Незямное каханне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мезасідэры́ты

(адмеза- + сідэрыты)

жалезна-каменныя метэарыты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

метэары́тыка

(ад метэарыт)

навука, якая вывучае метэарыты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

«ЖМЕНЬ»,

«цмень», каменны метэарыт, які выпаў у 1858 каля в. Цмень Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Маса 246 г. Належыць да ахандрытаў. Асн. частка (116 г) зберагаецца ў Венскім нац. прыродазнаўча-гіст. музеі, 26,6 г — у калекцыі метэарытаў Рас. АН (Масква), 6,8 г — у Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі (Нью-Йорк). Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 36—37.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, што ўтварыліся ў касмічнай прасторы. Трапляюць на Зямлю як метэарыты, касмічны пыл. У выглядзе мінер. часцінак уваходзяць у склад асадкаў і асадкавых горных парод. Найб. прыкметныя ў глыбакаводных пелагічных асадках, асабліва ў глінах, дзе прадстаўлены шарыкамі нікелістага жалеза, укрытымі магнетытам, каменнымі мікраметэарытамі (хандрытамі) з алівіну і піраксену, мікратэктытамі, памерамі менш за 1 мм. На Беларусі К.м. вядомы ў саставе метэарытаў Брагін, Жмень, Заброддзе і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАБРО́ДДЗЕ»,

каменны метэарыт, які ўпаў у 1893 каля в. Заброддзе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Маса 3155 г. Належыць да хандрытаў. Асн. частка метэарыта зберагаецца ў музеі Віленскага ун-та, 195 г — у калекцыі Адэскага ун-та, 3 г — у Брытанскім музеі. Муляж метэарыта знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 37—38.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

літасідэры́ты

(ад літа- + сідэрыт)

каменна-жалезныя метэарыты, асноўная маса якіх уяўляе сабой губку з нікелістага жалеза, поры якой запоўнены мінераламі; уваходзіць у клас сідэралітаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)