Мерсен М. 1/218

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫ ГУКАРА́Д,

паслядоўнасць тонаў, якая складаецца з асн. тону і гарманічных прыгукаў (абертонаў), што ўтвараюць гук музычны. Гучанне асн. тону абумоўлена ваганнямі вібратара (струны, паветр. слупа і інш.), у выніку якіх узнікаюць абертоны. Іх частотныя суадносіны адпавядаюць натуральнаму раду лічбаў (1, 2, 3, 4, 5 ...). Ніжнія абертоны ўтвараюць мажорнае трохгучча (гл. нотны прыклад). Вучэнне пра Н.г. выклаў франц. муз. тэарэтык М.​Мерсен у кн. «Усеагульная гармонія» (1636—37).

Т.​А.​Дубкова.

Натуральны гукарад.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,

раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.

Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж. Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.​Царліна, М.​Мерсен, Ж.​Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.​Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.​Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.​Гарбузаў; гл. ў арт. Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.​Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.​Тэрмен, А.​Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.​Назайкінскі, Ю.​Рагс, Ю.​Антанавічус).

Т.​Г.​Мдывані.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́СТЫКА,

навука пра рух артыл. снарадаў, куляў, авіябомбаў, некіроўных ракет і інш. целаў. Грунтуецца на законах механікі, газадынамікі, тэрмадынамікі, тэорыі імавернасцяў і інш.

Узнікла пад уплывам прац італьян. вучонага Н.​Тартальі (16 ст.), а таксама грунтоўных даследаванняў Г.​Галілея, І.​Ньютана, Л.​Эйлера. Тэрмін балістыка прапанаваў франц. вучоны М.​Мерсен (1644). Важкі ўклад у развіццё балістыкі зрабілі выхадзец з Беларусі К.Семяновіч, расійскія вучоныя М.​В.​Астраградскі, М.​У.​Маіеўскі, вучоныя б. СССР А.​М.​Крылоў, Д.​А.​Вентцэль, С.​А.​Хрысціяновіч і інш., а таксама вучоныя Дэ Сакр, П.​Шарбанье (Францыя), Д.​Біянкі (Італія) і інш.

Адрозніваюць унутраную і вонкавую балістыку. Унутраная балістыка вывучае рух снарадаў у канале ствала і заканамернасці працэсаў, што адбываюцца ў час выстралу (гарэнне пораху, газаўтварэнне пры яго згаранні і інш.). Выяўляе залежнасці змены ціску парахавых газаў, скорасці снарада і інш. параметраў на шляху снарада і ад часу яго руху па канале ствала. Уключае таксама балістычнае праектаванне зброі — вызначэнне канструкцыйных асаблівасцяў канала ствала, умоў зараджання, пры якіх снарад пэўнага калібру і масы атрымае пры вылеце зададзеную (дульную) скорасць. Вонкавая балістыка вывучае рух у прасторы снарадаў, куляў, некіроўных ракет і інш. пасля заканчэння сілавога ўзаемадзеяння іх са ствалом, пускавой устаноўкай, а таксама фактары, якія ўплываюць на гэты рух. Метадам вонкавай балістыкі карыстаюцца пры вывучэнні заканамернасцяў руху касм. апаратаў і кіроўных ракет, даныя балістыкі знаходзяць таксама практычнае выкарыстанне ў крыміналістыцы.

Літ.:

Серебряков М.Е. Внутренняя баллистика ствольных систем и пороховых ракет. 3 изд. М., 1962;

Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н., Богодистов С.С. Внешняя баллистика. 3 изд. М., 1991;

Иванов Н.М., Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н. Баллистика и навигация космических аппаратов. М., 1986.

Да арт. Балістыка. Рыс. 1. Крывыя змены ціску (P) парахавых газаў і скорасці (V) снарада ў залежнасці ад шляху (l) снарада (ln — адлегласць, на якой заканчваецца ўздзеянне парахавых газаў на снарад у перыяд паслядзеяння; lg — даўжыня шляху снарада да дульнага зрэзу). Рыс. 2. Крывыя перамены ціску (P) парахавых газаў і скорасці снарада ў залежнасці ад часу (t) (Po — ціск фарсіравання; Pm — максімальны ціск; Pg — дульны ціск; Vg — дульная скорасць). Рыс. 3. Элементы траекторыі і асноўныя сілы, якія дзейнічаюць на снарад у палёце; O — пункт вылету снарада; S — вяршыня траекторыі; C — пункт падзення; Vo — пачатковая скорасць снарада; θo — вугал кідання; x і y — бягучая гарызантальная далёкасць і вышыня палёту снарада; V — бягучая скорасць снарада; Y — вышыня траекторыі; X — поўная гарызантальная далёкасць палёту; Vc — канцавая скорасць снарада; θc — вугал падзення; R — сіла супраціўлення паветра; q — сіла цяжару.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)