Меньера хвароба 2/271, 278; 7/143

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНЬЕ́РА ХВАРО́БА,

хвароба ўнутранага вуха, якая праяўляецца прыступамі галавакружэння і шуму ў вуху, зніжэннем слыху. Апісана франц. урачом П.​Меньерам (1861). Найчасцей пашкоджваецца адно вуха, слых не аднаўляецца. Прыступы суправаджаюцца моташнасцю, ірвотай, парушэннем раўнавагі, зніжэннем артэрыяльнага ціску і т-ры цела. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт. і хірургічнае.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОТАНЕЎРАЛО́ГІЯ (ад грэч. us, otos вуха + neuron жыла, нерв + ...логія),

отарыналарынганеўралогія, раздзел отарыналарынгалогіі, які вывучае функцыі нюхальнага, смакавага, вестыбулярнага і слыхавога аналізатараў у норме і пры захворваннях ЛОР-органаў і галаўнога мозга. Пачала развівацца з сярэдзіны 20 ст. на базе нейрахірургіі.

На Беларусі аддзяленне О. сфарміравана ў 1954 на базе НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Вывучаюцца пытанні ранняй дыягностыкі пухлін слыхавога нерва, гломусных пухлін сярэдняга вуха і асновы чэрапа, хвароб унутр. вуха (напр., Меньера хвароба, вестыбулярны нейраніт); ствараюцца новыя дыягнастычныя методыкі (І.​А.​Склют і інш.).

Літ.:

Злотник Э.И., Склют И.А. Невриномы слухового нерва. Мн., 1970;

Склют И.А., Цемахов С.Г. Нистагм. Мн., 1990;

Іх жа. Вестибулярный рекруитмент. Мн., 1990.

Г.​А.​Склют.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГІ О́РГАНЫ,

органы жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць змены стану цела ў прасторы, дзеянне на арганізм паскарэнняў і змен гравітацыйных сіл. У беспазваночных жывёл прадстаўлены статацыстамі (слыхавыя пузыркі), унутры якіх размешчаны своеасаблівыя цвёрдыя ўтварэнні — статаліты. У пазваночных жывёл і чалавека Р.о. прадстаўлены сенсаэпітэліяльнымі клеткамі паўкружных каналаў і мяшочкаў вестыбулярнага апарату ўнутр. вуха. У пазваночных звязаны з мазжачком і рэтыкулярнай фармацыяй, што абумоўлівае каардынацыю іх дзейнасці з інш. сенсорнымі сістэмамі. Узаемадзеянне паміж вестыбулярнымі цэнтрамі і нерв. механізмамі забяспечвае рэгуляцыю тонусу мышцаў. Сукупнасць сігналаў ад статарэцэптараў лабірынта, вачэй, механа- і прапрыярэцэптараў выклікаюць адпаведныя рэфлексы, якія рэгулююць у чалавека і жывёл нармальную арыентацыю ў адносінах да напрамку сілы цяжару. У захаванні раўнавагі ў чалавека важная роля належыць таксама скурнай адчувальнасці, мышачна-сустаўнаму пачуццю, зроку. Парушэнні Р.о. праяўляюцца пры шэрагу захворванняў нерв. сістэмы (атаксія), вестыбулярнага апарату (Меньера хвароба, галавакружэнне, марская хвароба).

А.​С.​Ленцюк.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)