Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РЫС (Duris),
старажытнагрэчаскі мастак 1-й трэці 5 ст. да н.э.; прадстаўнік «строгага стылю». Працаваў у Атыцы, размалёўваў вазы. Захавалася каля 280 ваз (39 з іх падпісаныя) з яго жанравымі і міфалагічнымі размалёўкамі (вытанчаныя па малюнку, з падоўжанымі прапорцыямі фігур), у т. л. амфара «Атлет і Ніке», кілікі «Эас з целам Мемнана», «Заняткі ў школе», «Сілены весяляцца» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНХАТЭ́П III,
егіпецкі фараон [1417—1379 да н.э.] эпохі Новага царства (XVIII дынастыя). На пачатку яго праўлення Егіпет дасягнуў найб.ваен. магутнасці сярод дзяржаў Усх. Міжземнамор’я, пашырыў тэр. ад вярхоўя Еўфрата на Пн да 4-га парога Ніла на Пд. Пры ім пабудаваны храм Амона-Ра ў Луксоры і надмагільны храм Аменхатэпа III з вялізнымі статуямі цара — «калосамі Мемнана». У апошнія гады праўлення Аменхатэпа III унутр. супярэчнасці і націск хетаў аслабілі краіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНХАТЭ́П МАЛО́ДШЫ, Аменхатэп, сын Хапу (каля 1460, Атрыбіс, Ніжні Егіпет — каля 1380 да н.э.),
старажытнаегіпецкі архітэктар, быў на ваен. і дзярж. службе. Дарадца Аменхатэпа III, настаўнік малалетняга Аменхатэпа IV. Пабудаваў храм бога Амона-Ра ў Луксоры (разам з арх. братамі Горы і Суці), храмы ў Салебе і Седэінгу, грандыёзныя помнікі ў Карнаку — храм бога Хансу, храм багіні Мут, алею сфінксаў паміж Луксорам і Карнакам (захаваліся калосы Мемнана). Недалёка ад храма Тутмоса II узведзены храм у гонар Аменхатэпа Малодшага.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992. С. 182—183.