МЕЛАНІ́НЫ,
высокамалекулярныя пігменты чорнага, цёмна-карычневага ці жоўтага колераў расл. і жывёльных арганізмаў. Ёсць у валасах, скуры, пер’і і сятчатцы вачэй пазваночных жывёл (у т. л. чалавека), кутыкуле насякомых і інш. Утвараюцца ў спец. пігментных клетках (меланацытах, меланафорах), у тканках звычайна звязаны з бялком. М. ў значнай ступені вызначаюць колер скуры чалавека (гл. Альбінізм, Меланізм). Узмоцненае ўтварэнне і адкладванне М. у скуры адбываецца пры апраменьванні сонечнымі і ультрафіялетавымі прамянямі (напр., загар, вяснушкі). Павышаная колькасць М. назіраецца ў некат. бародаўках і ў злаякасных пухлінах скуры чалавека (меланома). Спыненне біясінтэзу М. выклікае пасівенне валасоў.
т. 10, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТЫ ў біялогіі,
афарбаваныя злучэнні, якія ўваходзяць у склад тканак арганізмаў. Колер П. вызначаецца наяўнасцю ў іх малекуле храмафорных груп, якія выбіральна паглынаюць святло ў бачнай вобласці сонечнага спектра. Уваходзяць у склад цытахромаў, каталазы і інш. ферментаў, утвараюць комплексы з бялкамі, ліпідамі і ўключаюцца ў структуру мембран. Знаходзяцца пераважна ў спец. утварэннях (хларапластах, храмапластах і інш.), радзей у клетачным соку, у шэрагу жывёл існуюць пігментныя клеткі. Адыгрываюць важную ролю ў фотабіял. працэсах (у фотасінтэзе — хларафілы, караціноіды, фікабеліны, у зроку — радапсіны, у фотарэгуляторных працэсах раслін — фітахром), прымаюць удзел у дыханні (гемаглабіны, цытахромы, дыхальныя храмагены), ахоўваюць арганізм ад УФ-выпрамянення (у раслін — караціноіды, флаваноіды, у жывёл — меланіны), вызначаюць афарбоўку жывёл і раслін. Выкарыстоўваюцца ў харч. і фармацэўтычнай прамысловасці.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)