Бясколерныя крышталі, плавяцца з раскладаннем (tпл 364 °C), шчыльн. 1571 кг/м³. Не раствараецца ў халоднай вадзе і большасці арган. растваральнікаў. У прам-сці атрымліваюць піролізам мачавіны пры т-ры 350—500 °C і ціску 5—40 МПа або сінтэзам з дыцыяндыаміду (NH2)2C=N—C≡N у вадкім аміяку. Выкарыстоўваюць для атрымання меламіна-фармальдэгідных і іонаабменных смол, дубільнікаў, інгібітараў карозіі, вытворныя (хлормеламіны) — як антысептыкі і адбельвальныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, дубільнікі,
рэчывы, якія выкарыстоўваюць для дублення скуры і футра. Паводле хім. прыроды адрозніваюць мінеральныя і арганічныя.
Мінеральныя Д.р. — солі хрому, алюмінію, цырконію, жалеза, тытану і інш. Выкарыстоўваюць пераважна злучэнні Cr(III) (хромавае дубленне), у асн. гідраксасолі (напр., гідраксід-сульфат CrOHSO4) ці камбінацыі іх з інш. дубільнікамі. Злучэнні цырконію (напр., сульфатацырканат натрыю Na4Zr(SO4)4) павышаюць вода- і зносаўстойлівасць скуры, робяць гладкім і шчыльным вонкавы бок. Арганічныя Д.р. падзяляюцца на простыя — альдэгіды (напр., фармальдэгід, глутаравы альдэгід), тлушчы рыб і марскіх жывёл (ворвань), і складаныя — раслінныя рэчывы (таніны), сінт. Д.р. і палімеры. Ворвані выкарыстоўваюць для вырабу натуральнай замшы (тлушчавае дубленне). Таніны атрымліваюць у выглядзе водных экстрактаў з кары, драўніны, лісця і пладоў некаторых раслін (дуба, вярбы, елкі, лістоўніцы, бадану і інш.). Чыста танінавае дубленне выкарыстоўваюць рэдка з-за працягласці працэсу. Замяняюць таніны і паскараюць працэс дублення сінт. Д.р. (напр., прадукты полікандэнсацыі рэзарцыну з фармальдэгідам). Палімерныя дубільнікі (напр., нізкамалекулярныя метылметакрылат і этылакрылат, карбаміда-, меламіна-, фенолфармальдэгідныя смолы і інш.). У камбінацыі з інш. Д.р. дазваляюць вырабляць скуры з паніжанай водапранікальнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЁНКАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, плёнкаўтваральнікі,
рэчывы (звычайна алігамеры ці палімеры), здольныя ўтвараць шчыльныя, трывалыя плёнкі пры нанясенні іх на цвёрдую паверхню; асн. кампаненты лакафарбавых матэрыялаў. Паводле паходжання адрозніваюць прыродныя (напр., высыхальныя алеі, смолы прыродныя) і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. П.р., на аснове якіх атрымліваюць лакафарбавыя пакрыцці з больш стабільнымі і разнастайнымі характарыстыкамі, чым на аснове прыродных.
Большасць П.в. — рэакцыйназдольныя алігамеры разгалінаванай ці лінейнай будовы (алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, меламіна-фармальдэгідныя, поліэфірныя і эпаксідныя смолы, некаторыя супалімеры акрылатаў). У якасці П.р. выкарыстоўваюць таксама параўнальна нізкамалекулярныя (напр., поліакрылаты, хлорзмяшчальныя палімеры) і высокамалекулярныя палімеры (гл.Парашковыя фарбы). Паводле рэакцыйнай здольнасці падзяляюць на П.р. неператваральныя, ці абарачальныя (тэрмапластычныя), якія ўтвараюць плёнку ў выніку выпарэння растваральніку, і ператваральныя, ці неабарачальныя (тэрмарэактыўныя), якія пры фарміраванні пакрыцця ператвараюцца ў сеткавыя палімеры ў выніку рэакцый полікандэнсацыі ці полімерызацыі па функц. групах (гл.Ацвярдзенне палімераў). Выкарыстоўваюць пераважна ў выглядзе раствораў у лятучых арган. растваральніках, водных раствораў і дысперсій.
Літ.:
Сорокин М.Ф., Кочнова З.А., Шодэ Л.Г. Химия и технология пленкообразующих веществ. 2 изд. М., 1989.