МАЦВЕ́ЕЎ (Уладзімір Аркадзевіч) (н. 13.3.1956, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб і педыятрыі. Д-рмед.н., праф. (1997). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1979), з 1982 працуе ў ім. Навук. працы па цытамегалавіруснай інфекцыі, імунапатагенезе, клінічнай імуналогіі, інфекц. хваробах дзяцей.
Тв.:
Инфекционные болезни у детей. Мн., 1997 (разам з А.П.Сушко, Л.М.Тупковай);
Цитомегаловирусная инфекция как фактор иммуносупрессии для детей первого года жизни // Эпидемиология и инфекционные болезни. 1998. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Фёдар Міхайлавіч) (1758—1826),
расійскі мастак. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—78). З 1779 пенсіянер АМ у Рыме. Пісаў ідэалізаваныя, прасякнутыя ўрачыстай веліччу пейзажы (пераважна Італіі), а таксама відавыя па характары, але прыдумана «гераічныя» пейзажы ў духу класіцызму: «Від Неапаля» (1806), «Від на Лага-Маджорэ» (1808), «Від у Сіцыліі. Горы» (1811), «Від Рыма. Калізей» (1816), «Вадаспад у Тывалі каля Рыма» (1819). Аўтар пейзажных малюнкаў з натуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Валерый Аксёнавіч) (н. 8.1.1939, Мінск),
бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-рс.-г.н. (1988). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел.НДІ пладаводства (у 1974—90 заг. аддзела). Навук. працы па селекцыі пладовых культур. Сааўтар сартоў слівы Нарач, Кромань, Далікатная і інш.; гібрыднай алычы Ветразь, Мара, Віцьба і інш.
Тв.:
Сліва ў вашым садзе. Мн., 1994;
Результаты и перспективы селекции плодовых культур в Республике Беларусь // Плодоводство: Науч. тр. БелНИИП. 1995. Т. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Аркадзь Аляксеевіч) (н. 10.7.1932, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб. Д-рмед.н. (1977), праф. (1979). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1956), з 1963 працуе ў ім (у 1973—98 заг. кафедры). Навук. працы па інфекцыйных хваробах, выкарыстанні глюкакортыкастэроідаў пры лячэнні вірусных гепатытаў.
Тв.:
Изучение клинической эффективности преднизолонотерапии в контролируемом исследовании и вопросы тактики применения кортикостероидов при сывороточном гепатите (разам з Д.П.Лапушынскім, Р.А.Александроўскай) // Терапевтич. архив. 1978. № 10;
Современные принципы и средства лечения больных вирусным гепатитом. Витебск, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Андрэй Мацвеевіч) (1701, г. Ноўгарад, Расія — 1739),
расійскі жывапісец. Пасланы Пятром I для ўдасканалення ў Нідэрланды (1716—27), вучыўся ў Амстэрдаме і Антверпенскай АМ (1725—27). З 1727 у Пецярбургу узначальваў «жывапісную каманду» пры Канцылярыі ад пабудоў. Выконваў жывапісныя дэкар. работы ў Пецярбургу (у т. л. ў Петрапаўлаўскім саборы) і Маскве, размаляваў шэраг цэркваў. Аўтар станковых кампазіцый і партрэтаў: «Алегорыя жывапісу» (1725), партрэты І.А. і А.П.Галіцыных (1728), т. зв. «Аўтапартрэт з жонкай» (1729). Творчасць М. паўплывала на станаўленне рас. свецкага мастацтва 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Аляксей Васілевіч) (н. 23.5.1938, Мінск),
бел. геолаг. Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. з 1991), д-р геолага-мінералаг. н. (1977), праф. (1990). Скончыў БДУ (1960). З 1978 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (у 1993—98 дырэктар). Навук. працы па літалагічных асаблівасцях антрапагенавых адкладаў, геамарфалогіі і неатэктоніцы абласцей пашырэння ледавіковага покрыва, праблемах рацыянальнага прыродакарыстання і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Аляксандр Цярэнцьевіч) (25.8.1878, г. Саратаў, Расія — 22.10. 1960),
расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Расіі (1931). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1902). У 1906—07 працаваў у Парыжы. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», Т-варус. скульптараў. У 1918—48 выкладаў у Ленінградскай АМ (у 1932—34 дырэктар), у Маскоўскім маст. ін-це (1940—48). У 1900—10-я г. звяртаўся да аголенай чалавечай фігуры, прадстаўленай у стане прасветленага спакою, гармоніі духоўных і фіз. сіл (надмагілле В.Барысава-Мусатава, 1910). Пошукі яснасці вобраза, архітэктанічнай абагульненай формы ў партрэтах Барысава-Мусатава (1900), А.Герцэна (1912), А.Чэхава (1945), аўтапартрэце (1939), групе «Кастрычнік» (1927). Працаваў ў галіне дробнай пластыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Артамон Сяргеевіч) (1625—25.5.1682),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаускай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас.заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.К.Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Яўген Сямёнавіч) (н. 8.3.1922, с. Новаўкраінка Херсонскай вобл., Украіна),
расійскі акцёр і кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1974). Вучыўся ў кінаакцёрскай школе пры Кіеўскай кінастудыі (1940—41). З 1946 акцёр Цюменскага, Новасібірскага т-раў, у 1952—68 у Малым т-ры. Сярод роляў: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Нязнамаў, Цяляцьеў («Без віны вінаватыя», «Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Ніл («Мяшчане» М.Горкага) і інш. Зняўся ў фільмах «Родная кроў» (1964), «Дзеля жыцця на зямлі» (1974) і інш. Паставіў фільмы, у большасці якіх выконваў гал. ролі: «Цыган» (1967), «Любоў зямная» (1975), «Лёс» (1979), «Асабліва важнае заданне» (1981), «Перамога» (1985), «Чаша цярпення» (1990), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999) і інш. Мастацтва М. адметнае адкрытым тэмпераментам, грамадзянскасцю, яснасцю кінамовы. Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1979.