МАХНЮ́К (дзявочае Каліноўская) Людміла Антонаўна
(н. 2.3.1932, г. Гродна),
мастачка, грамадскі дзеяч бел. эміграцыі. Падчарка пісьменніка Я.Золака, жонка мастака А.Махнюка. У 1944 разам з маці выехала ў Германію, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, маляванню — у М.Кругловіча. З 1952 жыве ў ЗША. З 1973 удзельнічае ў маст. выстаўках у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). Малюе акварэллю і алеем у манеры, блізкай да імпрэсіянізму, пераважна бел. краявіды, нацюрморты з кветкамі, партрэты: «Зіма» (1978), «Раніца» (1987), «Калыска ў кветках» (1991). Працуе ў б-цы. Клапоціцца пра развіццё бел. скаўтынгу.
В.А.Трыгубовіч, А.С.Ляднёва.
т. 10, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНЮ́К (Алег Васілевіч) (н. 7.5.1928, в. Амбросенка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
мастак. Вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 з бацькамі ў Германіі, дзе скончыў бел. гімназію імя М.Багдановіча (г. Ватэнштэт), рабіў ілюстрацыі для бел. часопіса «Шляхам, жыцця». З пач. 1950-х г. жыве ў г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Працаваў на з-дзе Форда. Аўтар плакатаў, ілюстрацый для паштовак і часопісаў, дэкарацый, 5 разных іканастасаў для правасл. цэркваў (4 для бел., 1 для рускай), кургана-помніка «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы. Удзельнічае ў штогадовых выстаўках у бел. грамадскім цэнтры ў Саўт-Рыверы; яго кампазіцыі, скульптуры і рэльефы ўзнаўляюць рэаліі ранейшага вясковага жыцця на радзіме («Запрэжаны конік», «Сейбіт», «Стары селянін»), увасабляюць фалькл. персанажаў, гіст. сімвалы («Пагоня»).
В.А.Трыгубовіч, А.С.Ляднёва.
т. 10, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)