МАХАНА́ДЫ,

рака ў Індыі. Даўж. 880 км, пл. басейна 132 тыс. км². Вытокі ва Усх. Гатах, цячэ па паўн.-ўсх. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Бенгальскі зал., утварае з рэкамі Брахмані, Байтарані і інш. агульную дэльту (пл. каля 15 тыс. км²). Сярэдні расход вады 2730 м³/с, у час летніх паводак да 50 тыс. м³/с. Частыя навадненні. М. нясе шмат наносаў. Зімой, у час засухі, М. — вузкая мелкая рака (расход вады каля 30 м³/с). Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Гідравузел Хіракуд. Суднаходная на 150 км ад вусця. На М. — г. Катака.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАКА, Катак,

горад на У Індыі, каля дэльты р. Маханады, у штаце Арыса. 486 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Рачны порт. Гандл.-прамысл. цэнтр с.-г. раёна. Тэкст. і харч. прадпрыемствы. Мастацкая разьба па косці, рогу, серабры. Ун-т.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́СА,

штат Індыі, на ПнУ паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адм. ц. — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).

З.​М.​Шуканава.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУБАНЕШВА́Р,

горад у Індыі, у дэльце р. Маханады. Адм. ц. штата Арыса. Вядомы з 5 ст. 412 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (пераважна рыс). Адзін з цэнтраў індуісцкай рэлігіі. Ун-т. Музей.

У старой частцы горада захавалася каля 150 пераважна шыіцкіх шываіцкіх храмаў 7—16 ст., багата ўпрыгожаных разьбой. Галоўны з іх Лінгараджа (11 ст.) — выдатны помнік мясц. арх. стылю Арысы. З інш. збудаванняў гэтага тыпу: Парашурамешвара (8 ст.), Мукгэшвара (каля 950), Раджарані (9—10 ст.), Брахмешвара (11 ст.), Ананта Васудэва (13 ст.). Новая частка Бхубанешвар (грамадскія будынкі, жылыя кварталы) пабудавана ў 1940—50-я т.

Да арт. Бхубанешвар. Дэталь скульптуры храма Парашурамешвара. 8 ст.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКА́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Дэкан (ад санскр. дакшына — поўдзень),

пласкагор’е ў Індыі, унутр. ч. п-ва Індастан. Пл. каля 1 млн. км². Ступеньчатыя раўніны — паверхні выраўноўвання мезазойскага і палеаген-неагенавага ўзростаў (на выш. 1000—1500 м, 600—900 і 300—500 м) з латэрытнымі корамі магутнасцю да 100 м, над якімі ўзвышаюцца асобныя горы выш. 1000—2000 м і купалападобныя ўзгоркі. Частка Індыйскай платформы, складзена з Пн архейскіх і пратэразойскіх гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі.

На ПнЗ — базальтавае покрыва верхнемелавога і эацэнавага ўзростаў. Карысныя выкапні: жалеза, медзь, марганец, вальфрам, золата, каменны вугаль. Субэкватарыяльны мусонны клімат. Сярэдняя т-ра мая 29—32 °C, студз. 21—24 °C. Ападкаў 500—700 мм за год (пераважна летам). Рэкі Нармада, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы выкарыстоўваюцца ў асноўным для арашэння. Пераважныя тыпы глеб: чырвоныя латэрытныя, чырвона-бурыя, на трапах — чорныя трапічныя (рэгуры). На наветраных схілах — мусонныя лістападныя трапічныя лясы, у цэнтр. частцы — саванны і рэдкалессі.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАСТА́Н,

паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн. км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак. Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах. Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх. Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл. ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)