Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),
прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.
Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.
А.П.Ткачэнка.
Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.Да арт.Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,
кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.
Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.Я.Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.У.Клюеў. Р.І.Янус, М.М.Міхееў. І.М.Ярмолаў, В.Я.Шчарбінін. В.Г.Герасімаў, У.Ф.Мужыцкі, В.В.Сухарукаў і інш.
На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.П.Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.А.Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш.мех. уласцівасцей (В.А.Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.С.Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.А.Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.Ф.Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.Р.Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.І.Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.Я.Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.Л.Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.Р.Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.М.Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.
Літ.:
Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;
Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;
Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;