МАСА́НДРА,

гарадскі пасёлак у Крымскай вобл. Украіны, прыморскі кліматычны курорт за 5 км на У ад г. Ялта. Лек. фактары і сродкі: субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу, марскія купанні, аэрагеліятэрапія, вінаградалячэнне. Уплывае на агульны стан здароўя хворых з парушэннямі абмену рэчываў, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм і інш. У М. вытв. агр. аб’яднанне вінаробчай прам-сці «Масандра».

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РА (ад назвы астравоў Мадэйра),

моцнае віно з белых ці ружовых сартоў вінаграду, прыгатаванае зброджваннем мязгі ці сусла. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 3—7% цукру; колер ад светла-залацістага да колеру чырвонага золата. Асаблівасць атрымання — працэс мадэрызацыі: віно вытрымліваюць некалькі месяцаў пры кантакце з паветрам у бочках на сонечных пляцоўках ці ў спец. памяшканнях, якія абаграюцца (напр., М. высокай якасці вытрымліваюць б мес. пры т-ры 40—50 °C). З’яўляецца аперытывам і аказвае працяглае танізоўнае дзеянне. Найлепшыя сарты: «Масандра» (Украіна), «Ашакан», (Арменія), «Анага» (Грузія), «Лучафэрул» (Малдова).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТВЕ́ЙН (ням. Portwein ад назвы г. Порту + ням. Wein віно),

моцнае вінаграднае віно, прыгатаванае спіртаваннем спіртам-рэктыфікатам часткова зброджанага вінаграднага сусла з мязгой. Мае 17—19 аб’ёмных працэнтаў спірту, 5—13% цукру. Выпускаюць П. белы (колер ад светла-залацістага да залацістага) і чырвоны (ад светла- да цёмна-чырвонага). Асаблівасць атрымання — працэс партвейнізацыі: награванне вінаматэрыялу ў бочках на працягу 2—3 летніх сезонаў і далейшая вытрымка яго 1—1,5 года. Найлепшыя гатункі П. вырабляюць у Партугаліі («Порта Калхейта», «Порта Барас» і інш.). У краінах СНД шырока вядомыя П. «Лівадзія», «Масандра», «Кокур», «Крымскі» (Украіна), «Айгешат» (Арменія), «Карданахі» (Грузія), «Кізляр» (Расія).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)