МАСАЛЯ́НСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1796 як уніяцкая Марыянай Біспінг. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм пакрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад з прамавугольнымі аконнымі праёмамі падзелены развітым антаблементам на 2 ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордэрнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершана трохвугольным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім 8-гранным шатром з люкарнамі (у 2-й пал. 19 ст. перабудавана завяршэнне вежы, зроблены дэкар. галоўкі на даху), з рудыментамі валют па баках. У інтэр’еры 3-ярусны іканастас 1892.
А.А.Ярашэвіч.
т. 10, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛЯ́НЫ,
вёска ў Алекшыцкім с/с Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 25 км на ПнУ ад Вял. Бераставіцы, 45 км ад горада і чыг. станцыі Гродна. 680 ж., 274 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Масалянская царква Раства Багародзіцы (1796).
т. 10, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)