МАРА́НЫ (ісп. marranos),

яўрэі ў Іспаніі і Партугаліі ў 14—17 ст., якія афіцыйна (у т. л. вымушана) прынялі каталіцтва. Займаліся гандлем, некат. з М. былі на дзярж. службе і нават сярод каталіцкага духавенства. Значная частка М. працягвала тайна выконваць яўр. рэліг. абрады, за што ісп. інквізіцыя падвяргала іх ганенням і пакаранню смерцю.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мара́ны

(ісп. marranos)

яўрэі і маўры ў Іспаніі і Партугаліі 14—15 ст., якія па прымусу або разліку прынялі хрысціянства, але тайна вызнавалі сваю старую веру.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),

трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст. царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл. Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал. ісп. інквізітар Т.​Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл. Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.​Бруна, Дж.​Ваніні, Г.​Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.

У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).

Літ.:

Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1911—12;

Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1936;

Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;

Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;

Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;

Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.

Н.​К.​Мазоўка.

Катаванні, узаконеныя інквізіцыяй. Гравюра 1508.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)