МАНІПУ́Р,

штат на ПнУ Індыі, на мяжы з М’янмай. Пл. 22,4 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1991), больш за 50% — народ маніпуры (мейтхеі). Адм. цэнтр — г. Імпхал. У рэльефе чаргаванне мерыдыянальна выцягнутых хрыбтоў (выш. 2—2,5 тыс. м) і шырокіх міжгорных далін на выш. 800—1000 м. Клімат умерана цёплы. Ападкаў ад 1500 мм у далінах да 2500 мм на схілах гор. На наветраных схілах гор пераважаюць вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — лістападныя, якія змяняюцца з вышынёй шыракалістымі і хваёвымі лясамі і лугамі. Міжгорная даліна р. Маніпурасн. раён рысасеяння. Вырошчванне алейных, тытуню, бавоўны, струковых. Садоўніцтва, шаўкаводства. Развіта ручное ткацтва.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)