МАНЬЯ́СКА ((Magnasco) Алесандра) (1667, г. Генуя, Італія — 19.3.1749),
італьянскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі С.Маньяска і ў Мілане. Працаваў у Мілане, Генуі, Фларэнцыі. Зазнаў уплывы С.Розы, Ж.Кало, майстроў генуэзскай школы. Пісаў жанравыя сцэны з жыцця цыган, салдат, манахаў, якім надаваў трагізм і містыцызм. Каларыт яго твораў пабудаваны на пакладзеных энергічнымі мазкамі цьмяных, пераважна карычневых і аліўкавых, тонах, што напаўняюць іх дынамікай: «Танец Каламбіны» (1709), «Навучанне сарокі», «Цыганская трапеза», «Вакханалія» (усе 1710-я г.), «Сінагога» (1715), «Дон Кіхот», «Допыт», «Інквізіцыя» (усе 1720-я г.), «Пахаванне манаха», «Манастырская трапезная», «Прачкі», «Начны краявід», «Спакуса св. Антонія», «Фантастычная сцэна», «Алхімік», (усе 1730-я г.), «Кухня» (1735), «Жанчына і гітарыст», «Прыём у садзе д’Альбара» (абодва 1740-я г.), фрэскі ў замку Вісконцэа ў Брыньяна (каля 1716) і інш.