Мангыт (родаплемянная група) 10/423
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГЫ́Т,
дынастыя правіцеляў Бухарскага эмірата ў 1753—1920. Заснавальнік дынастыі Мухамед Рахім
[1753—58] прыняў тытул эміра. Найб. вядомыя прадстаўнікі М.: Даніял-бей [1758—85],
Шах-Мурад [1785—1800], Хайдар [1800—26], Насрула [1826—60], Музафар-эд-дзін [1860—85]. Яны ажыццяўлялі палітыку цэнтралізацыі эмірата, падпарадкоўваючы сабе мясц. феадалаў, вялі барацьбу з Какандскім і Хівінскім ханствамі. Паводле дагавораў 1868 і 1873 прызналі пратэктарат Расіі над Бухарой. У вер. 1920 апошні эмір з М. Алім-хан — быў скінуты часцямі Чырв. Арміі на чале з М.В.Фрунзе і ўцёк у Афганістан. М. прысвечана праца таджыкскага пісьменніка і вучонага Айні «Гісторыя эміраў Мангыцкай дынастыі» (1923).
т. 10, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКІ ЭМІРА́Т,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1747—1920. Сталіца — г. Бухара. Утвораны ў 1747, калі ўлада ў Бухарскім ханстве перайшла да дынастыі Мангыт, прадстаўнікі якой наз. сябе эмірамі. Паліт. і эканам. становішча дзяржавы крыху стабілізавалася, аднак феад. раздробленасць не была ліквідавана. Сяляне, амаль пазбаўленыя зямлі, карысталіся ёю на правах здольшчыны. Паводле дагавораў 1868 і 1873 Бухарскі эмірат трапіў у васальную залежнасць ад Расіі. У вер. 1920 у Бухары ў выніку нар. паўстання, падтрыманага Чырв. Арміяй, быў скінуты эмір. 8.10.1920 абвешчана стварэнне на тэр. эмірата Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
т. 3, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 16—18 ст. Заснавана узб. ханам Мухамедам Шэйбані на месцы б. дзяржавы Цімурыдаў. Названа Бухарскім ханствам у канцы 16 ст., калі сталіцу з Самарканда перанеслі ў Бухару. Значна ўзмацнілася пры Абдуле-хане II, заваявала Ташкент, Фергану, Харэзм, Герат і інш., наладзіла гандл. і дыпламат. адносіны з Рус. дзяржавай. У час праўлення дынастыі Аштарханідаў (1599—1753) прыйшло ў заняпад, выкліканы сепаратысцкімі імкненнямі феадалаў і войнамі з Іранам, Хівінскім ханствам і інш. У 1740 Б.х. заваяваў іранскі шах Надзір. Пасля яго смерці (1747) у выніку міжусобных войнаў да ўлады прыйшлі прадстаўнікі дынастыі Мангыт. З таго часу Бухарскае ханства наз. Бухарскі эмірат.
т. 3, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)