МАЛАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Юльянавіч) (1830?, б. маёнтак, цяпер в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.10.1900),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў ін-т інжынераў шляхоў зносін. Адзін з кіраўнікоў партыі «чырвоных», найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага. З чэрв. 1863 уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. У лют.—сак., чэрв.—жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Са жн. 1863 за мяжой, з 1866 у Англіі. У 1875 сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам «Кодака». У 1880-я г. некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. ў Маскве і Пецярбургу, удзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Рас. імператарскага тэхн. т-ва.
Г.В.Кісялёў, В.Ф.Шалькевіч.
т. 10, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Малахоўскі І. В. 6/570—571
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Малахоўскі У. Ю. 1/98; 3/187; 6/571
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАМЫ́ШСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—57. Утвораны 15.1.1940 у Баранавіцкай вобл. Цэнтр — в. Новая Мыш, з мая 1954 — г. Баранавічы. 12.10.1940 падзелены на 15 сельсаветаў: Балобанавіцкі, Валахоўскі, Дубаўскі, Жарабілавіцкі, Каўпеніцкі, Лотвіцкі, Лукаўскі, Люшнеўскі, Ляснянскі, Малахоўскі, Навамышскі, Палонкаўскі, Русіноўскі, Уцёскі, Цешаўлянскі. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 8.4.1957 перайменаваны ў Баранавіцкі раён.
т. 11, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЕ́Л КІРАЎНІ́ЦТВА ПРАВІ́НЦЫЯМІ ЛІТВЫ́ (Wydział zarządzający prowincjami Litwy),
орган кіравання паўстаннем 1863—64 у Літве і на Беларусі. Створаны ў сак. 1863 у Вільні замест скасаванага Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. Узнік у выніку змовы памешчыцкай групоўкі «белых» з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і на Беларусі Н.Дзюлёранам. У склад аддзела ўвайшлі «белыя»: Я.Гейштар (старшыня), А.Аскерка, Ф.Далеўскі, І.Лапацінскі, А.Яленскі. 27.2.1863 аддзел абвясціў несапраўднымі ўсе мандаты Часовага ўрада. «Белыя» імкнуліся звузіць сац. базу паўстання, паставіць на камандныя пасады сваіх аднадумцаў. Аддзел выдаваў загады і адозвы (у т. л. маніфест да бел. сялян ад 3.5.1863 на бел. мове), газеты. У канцы мая — пач. чэрв. 1863 Аскерка, Далеўскі і Яленскі арыштаваны, замест іх уведзены прадстаўнікі «чырвоных» К.Каліноўскі і У.Малахоўскі, намаганнямі якіх выдадзены дакументы радыкальнага характару, у т. л. «Прыказ... да народу зямлі літоўскай і беларускай» (11.6.1863), № 7 «Мужыцкай праўды» 26.6.1863 аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,
цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп. газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Кісялёў Г.В. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)