маку́ха

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. маку́ха
Р. маку́хі
Д. маку́се
В. маку́ху
Т. маку́хай
маку́хаю
М. маку́се

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Маку́ха1 ’рэшткі семя (ільнянога, сланечнікавага і пад.) пасля выціскання з яго алею’ (ТСБМ, Інстр. I, III, Гарэц., Мат.; гродз., Мат. АС; усх.-гом., КЭС, Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ). Укр. маку́ха, польск. makuch, makuchy, рус. маку́хамакуха макавага, гарчычнага, канаплянага і інш. насення’. Паводле формы магло б быць нават прасл. утварэннем ад мак і суф. ‑уха (< ‑uxa), які, аднак, надаваў экспрэсіўнае адценне. Калі ўлічыць польск. kuch, kuchy olejne, якія з ням. Kuchen (Брукнер, 279), а гэта даволі старажытнае слова, роднаснае з англ. cake, швед. kaka ’пячэнне, торт’, ст.-в.-ням. kuocho, тады можна гаварыць аб славянскім запазычанні з ням. Mohnkuchen, параўн. таксама швейц. Mägikuchen ’макавая макуха’ (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 2, 562).

Маку́ха2, маку́шка ’вяршыня, верхавіна дрэва, гары’, ’верхняя частка галавы, макаўка’, ’галоўка маку’, ’бязрогая карова’ (Нас., Др.-Падб., ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ; дзв., Нар. сл.), маку́шка ’вяршыня’, моку́шка ’ніжняя частка цыбулі’ (ельск., Мат. Гом.), ’кончык пальца на руцэ’ (расон., Шатал.), маку́шка ’верхавіна дрэва’ (ТСБМ, ТС). Рус. маку́шка, маку́ха ’тс’, укр. маківка ’галоўка маку’. Усх.-слав. утварэнне ад мак (гл.) з суфіксам ‑uxa, якое мела пеяратыўнае значэнне. Першапачаткова макуха абазначала ’галоўка маку’ (параўн. рус. алтайск. маку́шка ’тс’, валаг. ма́кушка ’мак’. Бел. макуша магло ўтварыцца самастойна (а не як кантамінацыя макуха і макушка) і, магчыма, вельмі даўно (адыменныя ўтварэнні гл. Слаўскі, SP, 1, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Макуха В. 9/76, 339; 12/658

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НУГ, гвізоцыя (Guizotia),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 5—6 (па інш. звестках 12) відаў. Радзіма — горныя раёны трапічнай Афрыкі. Як маслічная культура вырошчваецца пераважна ў Эфіопіі (з 3-га тыс. да н.э.) і Індыі Н. абісінскі (G. abyssinica).

Н. абісінскі — травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым сцяблом. Лісце ланцэтнае. Кошыкі шматлікія, дыяметрам 3—6 см у агульным мяцёлчатым суквецці. Сямянкі дробныя, бліскучыя, чорныя, маюць да 50% алею. Алей спажываецца ў ежу і для вырабу пакосту. фарбаў, лаку, мыла; макуха — корм для жывёлы. Харч., тэхн., кармавая расліна.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПС (Brassica napus var. napus),

кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.

В.​М.​Прохараў.

Рапс.

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́ННЫЯ КАРМЫ́,

прадукты расліннага паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёл. Паводле паходжання і спосабу прыгатавання падзяляюцца на: зялёныя (сеяныя зялёныя культуры, кармавыя травы натуральных угоддзяў, бацвінне); зялёныя кансерваваныя (сілас, сянаж); сушаныя травяністыя (сена, сенная мука, травяныя гранулы і брыкеты); коранеклубняплоды, сакаўныя плады (бурак, бручка, морква, бульба, кавун, кабачок) і прадукты іх перапрацоўкі (жамерыны, мелес, брага, мязга); зерне (суцэльнае, драблёнае, плюшчанае) і прадукты яго перапрацоўкі (вотруб’е, піўная шраіна, шрот, макуха); адходы паляводства (салома, мякіна, стрыжні кукурузных пачаткаў, кошыкі сланечніку); драўняныя (галіны, лісце, кармавая цэлюлоза) і інш. Адрозніваюцца высокай колькасцю цукру (у цукр. бураках да 20%), крухмалу (у пладах, клубнях да 70%), цэлюлозы (у сене да 30%, саломе да 70%), пратэіну (у зернебабовых да 30%, у макусе да 40%), вітамінаў А і групы В; менш тлушчаў (у зерні да 6%, зялёнай масе да 1%, найб. у насенні алейных культур — да 40%).

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Камы́1 ’бульбяная каша’ (Мядзв., Янк., Малч., Гарэц.: шкл., Мат. АС; горац., КЭС; докш., Янк. Мат.; полац., Янк. 2; паўд.-усх., КЭС; ТСБМ, Мат. Гом.; Серб., Бяльк.); ’бульбяная каша з гарохам ці бобам’ (свісл., Шатал.; полац., Нар. сл.; ашм., швянч., глыб., віл., паст., Сл. паўн.-зах.), ’клёцкі з бульбы або з гароху’ (Др.-Падб.); ’каша з бобу ці гароху’ (швянч., Сл. паўн.-зах.; Нік. Очерки; Мат. Гом.): ’пюрэ канаплянае’ (Мат. Гом.), ’каша з льнянога семя’ (барыс., Сл. паўн.-зах.) ’талакно’ (даўг., Сл. паўн.-зах. ’клёцкі, начыненыя мясам’ (рас., в.-дзвін.), ’бульбяная каша, змешаная з тоўчаным макам’ (Грыг., Маш.); ’цвёрдае цеста з аўсянай або гарохавай мукі, скачанае ў шарыкі, зваранае ў вадзе’ (в.-дзвін., КЭС); ’гарохавы суп’ (Жд. 3), ’густое цеста ў камах’ (Нас.), ’клёцкі з цёртай бульбы’ (в.-дзвін., Нар. сл.). Балтызм. Параўн. лат. kami ’тоўчаны, вараны гарох, скачаны ў галкі’ (Блесэ, SB, 5, 22–23). Другое значэнне лат. kams ’ком, камяк’ таксама праглядваецца ў семантыцы бел. камы.

Камы́2 ’ажына’ (Сцяшк.; смарг., Шатал.; Сл. паўн.-зах.). Рус. уладз. комы́ ’тс’, казан.макуха’. Макед. комиње ’вінаградныя жамерыны’, комов ’які мае адносіны да вінаградных жамерын; серб.-харв. ко̏м ’жамерыны’ славен. kom ’нешта круглае’; польск. дыял. kom ’камяк’. Відавочна, ажыны названы так паводле іх цвёрдасці і акругленасці формы пладоў. Да прасл. komъ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 179). Параўн. літ. kẽmuras ’гронка ягад’ (Буга, Rinkt, 2, 220).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ска1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ вs трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2–3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.​Н.​Жданоўская, Г.​П.​Астапенка.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)