МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Я БЕ́РАГ,

участак паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на в-ве Новая Гвінея, паміж зал. Астралейб і п-вам Хуен (дзяржава Папуа — Новая Гвінея). Даўж. каля 300 км. Трапічныя лясы, плантацыі каўчуканосаў. Названы ў гонар рас. вучонага М.М.Міклуха-Маклая, які праводзіў тут этнагр. даследаванні ў 1871—72, 1876—77 і 1883.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНА́К (Віктар Валяр’янавіч) (22.9.1891, Масква — 11.4.1979),

рускі антраполаг. Д-р біял. н. (1935), праф. (1925). З 1923 у Маскоўскім ун-це, з 1948 у Ін-це этнаграфіі імя М.​М.​Міклухі-Маклая АН СССР. Распрацаваў методыку асн. прынцыпаў антрапал. даследаванняў. Арганізоўваў і прымаў удзел у антрапал. даследаваннях у паўд. і паўд.-зах. раёнах Беларусі. Сабраў даныя па размеркаванні груп крыві на тэр. Усх. Еўропы, у т. л. Беларусі. Аўтар падручніка па антрапалогіі.

Тв.:

Антропологические исследования в южной Белоруссии // Антропологический сборник. М., 1956.

Л.​І.​Цягака.

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Мікалай Уладзіміравіч) (16.10.1911, Масква —20.2.1997),

расійскі фалькларыст. Д-р філал. н. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1940). З 1953 працаваў у Ін-це рус. л-ры (Пушкінскі дом), з 1967 у Ін-це этнаграфіі імя М.​М.​Міклухі-Маклая АН СССР (Ленінградскае аддзяленне). Даследаваў гісторыю рус. і бел. фалькларыстыкі, рус., бел. і ўкр. казкі, узаемаадносіны казкі з інш. жанрамі і відамі нар. творчасці, узаемаўплыў фальклору і л-ры. Аўтар шматлікіх прац, у т. л. манаграфій «П.​В.​Шэйн. Кніга пра збіральніка і выдаўца рускага і беларускага фальклору» (1972), «Вобразы ўсходнеславянскай чарадзейнай казкі» (1974), «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (1979, у сааўт.). Укладальнік зб-каў казак і аўтар уступных артыкулаў, каментарыяў да іх [«Казкі П.​П.​Гаспадарова», 1941, «Рускія казкі ў ранніх запісах і публікацыях (XVI—XVIII ст.)», 1971].

А.​С.​Фядосік.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЛО́ГІЯ (ад антрапа... + ...логія),

галіна прыродазнаўства, якая вывучае паходжанне, эвалюцыю і заканамернасці біял. асаблівасцяў чалавека і яго рас. Цесна звязана з прыродазнаўча-гіст. навукамі. Мае 3 асн. раздзелы: расазнаўства (вывучае ўмовы і прычыны ўтварэння, заканамернасці фарміравання і ўзаемадзеяння рас; часткай раздзела з’яўляецца і этнічная антрапалогія, якая даследуе праблемы этнагенезу), антрапагенез і марфалогія (вывучае заканамернасці зменлівасці будовы цела і органаў чалавека ў залежнасці ад спадчыннасці, умоў жыцця і працы). Апошні раздзел уключае таксама саматалогію (узроставыя варыяцыі будовы цела сучаснага чалавека), мералогію (варыяцыі яго асобных органаў), дэрматагліфіку, аданталогію, палеаантрапалогію. З 1960-х г. вылучаюць раздзелы: фізіялагічная антрапалогія (вывучае варыяцыі функцыянальных асаблівасцяў арганізма чалавека і працэсы яго адаптацыі), антрапагенетыка, генагеаграфія.

Першыя звесткі пра антрапалогію ёсць у працах Герадота (5 ст. да н.э.), Арыстоцеля (4 ст. да н.э., увёў тэрмін «антрапалогія» як вучэнне пра духоўную прыроду чалавека) і інш. Вял. геагр. адкрыцці 15—16 ст. далі магчымасць пазнаёміцца з народамі Амерыкі, Афрыкі, Акіяніі, Усх. Азіі і распачаць сістэматызацыю рас чалавека. Як навука антрапалогія сфарміравалася ў 19 ст., калі пачалі збірацца і сістэматызавацца звесткі пра розныя тыпы стараж. і сучаснага насельніцтва, распрацоўвацца методыкі даследаванняў. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж метраполіямі і калоніямі ў канцы 19 ст. спрыяла ўзнікненню антынавук. расісцкіх «тэорый» (гл. Расізм). Ідэі біял. роўнасці ўсіх рас закладзены ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў працах рус. вучоных К.​М.​Бэра, А.​П.​Багданава, Дз.​М.​Анучына, М.​М.​Міклухі-Маклая і развіты В.​В.​Бунаком, Ф.​Боасам, Г.​Ф.​Дэбецам, Ф.​Лушанам, Л.​Нідэрле, Я.​Я.​Рагінскім, Г.​А.​Бонч-Асмалоўскім, М.​Р.​Левіным, М.​М.​Чабаксаравым, В.​П.​Аляксеевым, А.​А.​Зубавым і інш.

Даследаванні антрапал. складу беларусаў пачаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Анучын, М.​А.​Янчук, К.​М.​Ікаў, А.​Н.​Раждзественскі, А.​Л.​Здраеўскі, А.​А.​Піянткоўскі, Я.​Мыдлярскі, Ю.​Д.​Талька-Грынцэвіч). Вынікі іх даследаванняў абагульнялі А.​А.​Іваноўскі (1905), Я.​М.​Чапуркоўскі (1918). У 1920—30-я г. Бунак вывучаў фізічны тып і размеркаванне груп крыві ў беларусаў, даследаваў краніялагічныя калекцыі сярэдневяковага насельніцтва Беларусі. Па ініцыятыве А.​К.​Ленца ў 1926 пры Інбелкульце створана антрапал. камісія, пазней рэарганізаваная ў кафедру антрапалогіі БелАН. Ю.​М.​Верамецкая, А.​Я.​Вішнеўская, А.​А.​Смірноў, Д.​Н.​Эйнгорн пачалі планамерныя даследаванні насельніцтва Слуцкага, Мазырскага, Магілёўскага, Аршанскага р-наў. Рэарганізацыя кафедры антрапалогіі ў НДІ псіханеўралогіі перапыніла антрапал. даследаванні на Беларусі. У 1930—40-я г. антрапал. склад насельніцтва пач. 2-га тыс. н.э. вывучалі супрацоўнікі Ін-та этнаграфіі АН СССР Дэбец, Т.​А.​Трафімава, потым В.​В.​Сядоў, Т.​І.​Аляксеева, М.​С.​Веліканава. Антрапалагічныя асаблівасці сучасных жыхароў Беларусі ў 1950-я г. вывучалі В.​У.​Вітоў, Р.​Я.​Дзянісава, Бунак, У.​Дз.​Дзячэнка. У 1965 пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР створана група антрапалогіі (у 1990 пераўтворана ў аддзел антрапалогіі і экалогіі). Пачаліся планамерныя комплексныя антрапал. даследаванні фізічнага тыпу старажытнага (І.​І.​Салівон, А.​І.​Кушнір) і сучаснага (Салівон) насельніцтва Беларусі, заканамернасцяў росту і развіцця вучняў у розных экалагічных рэгіёнах рэспублікі (Салівон, Н.​І.​Поліна), дэрматагліфічных і аданталагічных асаблівасцяў (Л.​І.​Цягака), размеркавання груп крыві і інш фенатыпаў, генетычна абумоўленых прыкмет у сельскага насельніцтва (А.​І.​Мікуліч), генадэмаграфічных — у гарадах рэспублікі (В.​У.​Марфіна). Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 даследаванні накіраваны на вывучэнне заканамернасцяў адаптыўных працэсаў у экстрэмальных умовах.

Літ.:

Тегако Л.И. Антропологические исследования в Белоруссии. Мн., 1979;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

І.​І.​Салівон.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)