МАКАТУ́Н (Віктар Несцеравіч) (н. 10.6. 1941, в. Шунеўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1987). Скончыў БДУ (1964). З 1965 у Бел. тэхнал. ін-це. З 1974 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па хіміі цвёрдага цела, хіміі неарган. гідратаў, гетэрагенным каталізе, прыкладной спектраскапіі кандэнсаваных фаз. Выявіў групы гідратаў, у якіх можа адбывацца дысацыяцыя каардынаваных малекул вады ў цвёрдым стане. Распрацаваў канцэпцыю ролі дынамікі пратоннай падрашоткі цвёрдых кіслот у іх каталітычнай актыўнасці, актыўныя асяроддзі для электра- і магнітарэалагічных суспензій.
Тв.:
Химия неорганических гидратов. Мн., 1985.
т. 9, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.
Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.Фарадэем і швейц. хімікам Ф.Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характар хім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт. значэнні магнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл. Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім, рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.
Літ.:
Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;
Карлин Р.Л. Магнетохимия: Пер. с англ. М., 1989.
В.Н.Макатун.
т. 9, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)