МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),

правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗА ((Rosa) Сальваторэ) (Сальватор; 20.6 або 21.7.1615, г. Арэнела, Італія — 15.3.1673),

італьянскі жывапісец, графік, паэт. Вучыўся жывапісу ў Ф.​Фраканцыяна і, магчыма, Х. дэ Рыберы. Зазнаў уплыў караваджызму. Працаваў у Неапалі (да 1635), Рыме, Фларэнцыі (1640—48). Выявіў перадрамантычныя тэндэнцыі ў жывапісе класіцызму, выступаў супраць акад. кірунку італьян. барока. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя сюжэты, пейзажы з відамі дзікіх, часам фантастычных ландшафтаў, сцэны бітваў. Творы вызначаюцца экспрэсіўна-змрочнай атмасферай, якую ствараў свабоднай манерай пісьма з дапамогай рэзкіх святлоценявых кантрастаў буравата-свінцовага каларыту: «Бітва» (1637), «Блудны сын» (каля 1640—48), «Адысей і Наўзікая», «Дэмакрыт здзіўляецца спрыту Пратагора» (абедзве 1650-я г.), «Нявер’е Фамы», «Хрышчэнне ў Іардане», «Лясны пейзаж з трыма філосафамі», «Пейзаж з мостам», «Марына», «Дэмакрыт думае», «Астрэя развітваецца з сялянамі», «Караблі» і інш. Ствараў афорты («Гульня трытонаў») і малюнкі («Баявая схватка»). У паэт. творах (напісаны тэрцынамі 7 сатыр) выкарыстоўваў складаныя алегорыі і вычурна драматызаваныя вобразы, высмейваў тагачасныя плыні італьян. л-ры, недахопы грамадства. У сатыры «Вайна» адлюстраваў паўстанне гар. нізоў Неапаля пад кіраўніцтвам Мазаньела.

Літ.:

Сальватор Роза: [Альбом]. М., 1972;

Дьяков Л.А. С.​Роза: [Альбом]. М., 1992.

Л.​Ф.​Салавей.

С.Роза. Марына. Фрагмент.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)