Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.С.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛмагнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л.Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.
Тв.:
Бел.пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.К.Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;
1995. № 1—6;
1996. № 1—2, 4.
А.Л.Грыцкевіч.
М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.А.Мірыса (?). Каля 1760.