ЛІ́ФШЫЦ (Яўген Міхайлавіч) (21.2.1915, г. Харкаў, Украіна — 29.10.1985),

украінскі і расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1966). Брат І.М. Ліфшыца. Скончыў Харкаўскі політэхн. ін-т (1933). З 1933 у Харкаўскім фіз.-тэхн. ін-це АН Украіны, з 1939 у Ін-це фіз. праблем АН СССР. Навук. працы па тэорыі магнетызму, ядз. фізіцы, тэорыі фазавых пераходаў, гравітацыі і касмалогіі. Пабудаваў тэорыю даменаў у ферамагнетыках (1935; разам з Л.Д.Ландау). Зрабіў значны ўклад у тэорыю фазавых пераходаў II роду, прапанаваў тэорыю няўстойлівасцей у Сусвеце, які расшыраецца. Аўтар шматтомнага выдання «Тэарэтычная фізіка» (разам з Ландау). Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія СССР 1954.

Я.М.Ліфшыц.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ФШЫЦ (Ілья Міхайлавіч) (13.1.1917, г. Харкаў, Украіна — 23.10.1982),

украінскі і расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1970, чл.-кар. 1960), АН Украіны (1967). Брат Я.М.Ліфшыца.

Скончыў Харкаўскі ун-т (1936) і Харкаўскі політэхн. ін-т (1938). У 1937—68 у Харкаўскім фіз.-тэхн. ін-це АН Украіны. З 1969 у Ін-це фіз. праблем АН СССР. Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, электроннай тэорыі металаў, фіз. кінетыцы, статыст. тэрмадынаміцы палімераў. Устанавіў сувязь паміж назіранымі ўласцівасцямі металаў і геаметрыяй іх паверхні Фермі, абгрунтаваў магчымасць аднаўлення энергет. спектра кандэнсаваных цел па эксперым. даных. Ленінская прэмія 1967.

Тв.:

Электронная теория металлов. М., 1971 (у сааўт.).

Літ.:

И.М. Лифшиц, 1917—1982. М., 1989.

І.М.Ліфшыц.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ДЗІН (сапр. Ліфшыц) Аляксандр Майсеевіч

(н. 10.2.1919, Мінск),

рускі драматург. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1949). Дэбют — зб. «Апавяданні» (1954). Аўтар п’ес «Фабрычная дзяўчынка» (паст. 1956), «Пяць вечароў» (1959), «У гасцях і дома» (1960), «Старэйшая сястра» (1961; аднайм. фільм 1967), «Прызначэнне» (1963), «З любімымі не расставайцеся» (1969), «Дульсінея Табоская» (паст. 1971), «Дзве стралы» (паст. 1980), «Бландзінка», «Графаман» (абедзве 1984), кінасцэнарыяў фільмаў «Звоняць, адчыніце дзверы» (1965), «Дочкі-маці» (1974), «Асенні марафон» (1979) і інш. У яго творах — маральна-філас. праблемы, будзённасць характараў і ўчынкаў людзей «непрыкметных» прафесій, права чалавека на сцвярджэнне свайго прызначэння ў жыцці і інш. П’есы Валодзіна, пераважна з элементамі камічнага, накіраваны супраць руціны, дагматызму, абывацельска-мяшчанскай псіхалогіі. Дзярж. прэмія СССР 1981.

Тв.:

Осенний марафон: Пьесы. Л., 1985.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)