Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА II (Elizabeth; 21.4.1926, Лондан),
каралева Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі (з 1952), кіраўнік брыт. Садружнасці. Паходзіць з Віндзорскай дынастыі. Да 1936 прынцэса Йоркская. Атрымала хатнюю адукацыю, вывучала канстытуцыйнае права. У 2-ю сусв. вайну ў дапаможных тэр. войсках. Уступіла на прастол пасля смерці свайго бацькі караля Георга VI. Як першая асоба дзяржавы ажыццяўляе прадстаўнічыя функцыі, дзярж. візіты; прэзідэнт шматлікіх грамадскіх і дабрачынных арг-цый.
Літ.:
Брэдфорд С. Елизавета II: Биография Ее величества королевы: Пер. с англ.М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА I (Elizabeth),
Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерці Марыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т. л.Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т. л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп.«Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.
Літ.:
Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Лізавета I. Маст. Н.Хіліярд. 1585.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА ПЯТРО́ЎНА (29 12.1709, Масква — 5.1.1762),
расійская імператрыца [1741—62]. З дынастыі Раманавых. Дачка Пятра I і Кацярыны I. Заняла прастол у выніку дварцовага перавароту 6.12.1741 супраць малалетняга Івана VI Антонавіча і яго маці Ганны Леапольдаўны (рэгенткі пры ім). Прызначыла пераемнікам свайго пляменніка Карла Петэра Ульрыха фон Гольштэйн-Готарпа (пазней Пётр III), у 1745 ажаніла яго з прынцэсай Соф’яй Аўгустай Фрэдэрыкай фон Ангальт-Цэрбсцкай (будучая Кацярына II). У час праўлення Л.П. ў Расіі ліквідаваны ўнутр. мытні (з 1.4.1754), адменена пакаранне смерцю (1756), заснаваны Маскоўскі універсітэт (1755), першы рас. публічны т-р (1756), Пецярбургская Акадэмія мастацтваў (1757), адбылася рас.-швед. вайна 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743, рас. войскі ўдзельнічалі ў Сямігадовай вайне 1756—63.
Літ.:
Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986;
Наумов В.П. Елизавета Петровна // Вопр. истории. 1993. № 5;
Валишевский К.Ф. Дочь Петра Великого. Ростов н/Д, 1998.
Імператрыца Лізавета Пятроўна. Гравюра Ж.Меку паводле арыгінала А.Бенера. 1817.