славуты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, пра якога ўсе ведаюць; агульнавядомы; праслаўлены. Славутыя дняпроўскія парогі. ▪ Шэдэўр сусветнай лірыкі, славуты «Ветразь» напісаў шаснаццацігадовы Лермантаў, дваццацігадовы Пушкін быў ужо аўтарам «Руслана і Людмілы». Грахоўскі. Яўген і Аляксееў чулі пра славуты Ніжагародскі адхон над Волгай. Карпаў. // чым. Які прыкметны чым‑н., карыстаецца славай у якіх‑н. адносінах. Мікола, падкасаўшы вышэй калень штаны, палез у славутую чырванапёркамі затоку. Ляўданскі. Хлопцы любяць мястэчка — нічым яно асабліва не славутае, няма ў ім ні рэчкі, не забрукавана пакуль што ніводнай вуліцы, але ўсё адно здаецца, што лепшай мясціны на свеце няма. Навуменка. Полацк жа славуты перш за ўсё сваёй шматвяковай гісторыяй. Хадкевіч.

2. Які набыў славу або дастойны яе; слаўны. Ніколі не забыць нам гэты дзень, Калі ў семнаццатым славутым годзе Аўроры залп, як сонечны прамень, Народам асвятліў шляхі к свабодзе. Астрэйка. Як пост той пакінеш, што з боем Узяты ў паходзе славутым? Калачынскі. Славутыя сцягі ўздымаюцца горда Па грозных напрамках ваенных дарог. Броўка.

3. Які дасягнуў шырокай вядомасці, карыстаецца папулярнасцю (пра чалавека). Славуты вучоны. Славуты лётчык. Славуты акцёр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клас, ‑а, м.

1. Сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх‑н. агульных прымет, якасцей; разрад, падраздзяленне. Да агульных назоўнікаў адносяцца імёны, пры дапамозе якіх абазначаюцца цэлыя класы аднародных прадметаў, з’яў, жывых істот. Граматыка. // У спецыяльнай тэрміналогіі: а) у логіцы — сукупнасць аднародных прадметаў, падобных адзін да аднаго сваімі істотнымі прыметамі, якасцямі. Клас з’яў; б) у біялогіі — адно з вялікіх падраздзяленняў у сістэматыцы раслін і жывёл. Клас паўзуноў. Клас папаратнікаў; в) у матэматыцы — сукупнасць лічбаў трох суседніх разрадаў лікаў. Першы клас складаюць першыя тры разрады: сотні, дзесяткі і адзінкі. // Разрад суднаў у залежнасці ад тыпу будовы і абсталявання. Клас мінаносцаў. Клас лінкораў. // Тып вагонаў поезда або кают парахода, абсталяваных з пэўнай ступенню выгод, праезд у якіх аплачваецца па ўстаноўленаму тарыфу. Каюта першага класа.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў. Рабочы клас. Клас прыгнятальнікаў.

3. Падраздзяленне пачатковай і сярэдняй школы, якое аб’ядноўвае вучняў аднаго года навучання і аднолькавага аб’ёму ведаў. Пяты клас. Дзевяты клас. // Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецыяльнай школы, якія займаюцца пад кіраўніцтвам пэўнага выкладчыка або вывучаюць пэўны прадмет. Камерны клас. Клас скрыпкі, // Група вучняў пачатковай або сярэдняй школы, якія вучацца сумесна. Дысцыплінаваны клас. // Памяшканне ў школе, дзе праходзяць вучэбныя заняткі. У калідоры зазвінеў званок, заклікаючы выхаванцаў у класы. Шамякін.

4. толькі мн. (класы, ‑аў). Дзіцячая гульня, якая заключаецца ў тым, што на зямлі рысуюць фігуру, падзеленую на клеткі, і, скачучы на адной назе, перасоўваюць ёю каменьчык, кусочак шкла і пад. з адной клеткі ў другую, а таксама фігура для гэтай гульні.

5. Мера якасці, ступень, ўзровень чаго‑н. Тэхніка высокага класа. // Кваліфікацыя, ступень падрыхтаванасці. Лётчык першага класа. // Разм. Высокі ўзровень чаго‑н. Паказаць клас гульні.

6. У дарэвалюцыйнай Расіі — адно з падраздзяленняў у табелі аб рангах, якое адпавядала пэўнаму чыну. Чыноўнік чатырнаццатага класа. // Ступень некаторых грамадзянскіх званняў. Саветнік юстыцыі першага класа.

[Ад лац. classis — разрад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалёны, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на шаленства, на вадабоязь. Каханую жанчыну, жонку, некалі пакусаў шалёны воўк. Яна звар’яцела. Скрыган.

2. у знач. наз. шалёны, ‑ага, м.; шалёная, ‑ай, ж. Шаленец, вар’ят. [Дзед Юстын:] — Не пужайся! Гэта шалёны... Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае. Бядуля.

3. Які страціў разважлівасць, цвярозы розум. [Раіна:] — Чым быць тваёй, лепш з хвалямі ракі Здружыцца мне ці згінуць у пятлі. — Шалёная! Самой жа будзе горш, — Казаў сабе, выходзячы на двор, Гарыдавец. Танк. // Які знаходзіцца ў стане крайняга раздражнення, які вар’юецца, лютуе. А тут жа блізка — сорак першы год... Слязамі і крывёй дзяцей заліты І па-сапраўднаму яшчэ нікім не біты, Шалёны фюрэр рваўся на ўсход. Жычка. // Люты, нястрыманы. Вельмі ўжо ўчэпістыя І задзірыстыя вочы ў Карніцкага І шалёны характар. Паслядовіч. Размах рэвалюцыйнага руху выклікаў страх і шалёны гнеў польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Хромчанка. // Які выражае шаленства (у 2 знач.); уласцівы крайне раздражнёнаму, лютаму чалавеку. Лётчык устаў, шалёным позіркам акінуў усіх, рэзка ступіў правай нагой да Валодзі і выхапіў пісталет. Федасеенка. Шура зацяўся — у грудзях віравала шалёная злосць. Навуменка. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі.

4. перан. Вельмі інтэнсіўны, хуткі, моцны па сіле праяўлення. Шалёны вецер. Шалёная скорасць. ▪ І вось тры дні таму назад Міхал прачнуўся ад шалёнага брэху сабак. Чарнышэвіч. Узнімаецца густы, шалёны кулямёты агонь. Брыль. // Які вельмі хутка рухаецца, перамяшчаецца. Заўсёды стрэлачнікі ўваходных стрэлак закрывалі вочы, калі праносіліся каля іх віхрам шалёныя вагоны не менш шалёнага цягніка. Лынькоў. // Нястрыманы ў пачуццях; гарачы. [Кастусь] абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку. Марціновіч. «Ваша ўсмешка запальвала ў маіх вачах шалёную радасць, выклікала жаданне бегаць, скакаць». Васілёнак. // Нечаканы, незвычайны, неверагодны. Дзядзька не захацеў І слухаць пра гэтую шалёную прапанову свайго пляменніка. Паслядовіч. // Азартны, заядлы. Што ты, што ты, карцёжнік шалёны! — Зямля жахнулася: трэба жыць. Схапіла ў абдымкі рукамі зялёнымі І загадала: ляжы, ляжы. Панчанка.

5. перан. Поўны небяспекі, нечаканасцей, рызыкі. Шалёнае падарожжа. ▪ Сама.. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч. // Неспакойны, бурны. Пасля той шалёнай ночы Аміля зноў стала ад яго [Бушмара] плакаць. Чорны.

6. Свавольны, дураслівы. Рабілася шкада, па-бацькоўску шкада хлопцаў, крышку шалёных, а ўсё ж такі добрых, сваіх... Брыль.

7. перан. Выпадковы, нечаканы, бязладны (пра кулю, снарад). Здарылася няшчасце. [Дзядзька Ігнат:] — Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. Разарваўся шалёны снарад. Дзяргай.

8. перан. Празмерна вялікі, завышаны (пра заработак, цану і пад.). [Марголін:] — Табе, танкісту, — шалёны заработак.. Дзве тысячы ў месяц. Грамовіч. Па-першае, шалёная цана, А па-другое, не абутак, а пародыя адна. Валасевіч.

•••

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Шалёныя грошы — грошы, якія лёгка дастаюцца і таму расходуюцца вельмі неэканомна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэсці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. ▪ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выйсці, выйду, выйдзеш, выйдзе; пр. выйшаў, ‑шла; заг. выйдзі; зак.

1. Пайсці адкуль‑н., пакінуць межы чаго‑н. Выйсці з горада. Выйсці з машыны. ▪ Гулка бразнулі дзверы. З хаты выйшлі людзі. Лынькоў. Бацька спрытна саскочыў з кузава, адчыніў дзверы кабіны і дапамог выйсці маці. Чарнышэвіч. // Накіравацца куды‑н. Малады высокі салдат, развітаўшыся з сваімі таварышамі, выйшаў пеша ў дарогу. Чорны. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. Брыль. // Прарвацца, прабіцца адкуль‑н. Выйсці з блакады. Выйсці з акружэння. // перан. Перастаць удзельнічаць у чым‑н.; выбыць. Выйсці з вайны. Выйсці з гульні. Выйсці з падполля. ▪ Уладзімір Вялічка быў просты чалавек. Ён зусім.. не ўсвядоміў сабе ўсяго значэння той справы, з якой толькі што выйшаў. Чорны. // перан. Пакінуць месца знаходжання дзе‑н. Выйсці са шпіталя пасля ранення.

2. перан. Быць выдадзеным, надрукаваным. Кніга выйшла з друку. ▪ [Вэня:] — Матэрыялы могуць выйсці асобнай брашурай. Чорны. // Уступіць у дзеянне, сілу (пра закон, загад і пад.). — Значыць, наколькі я асмелюся думаць, тут інструкцыя такая выйшла для няўхільнага правядзення ў жыццё. Чорны.

3. Прыйсці куды‑н., з’явіцца, апынуцца дзе‑н.; паказацца. Выйсці на палявую дарогу. Выйсці на нарад. Выйсці ў тыл ворагу. Сонца выйшла з-за хмары. Выйсці на арбіту. ▪ Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. // Падысці да каго‑, чаго‑н. Выйсці да стала. Выйсці да людзей.

4. з чаго, з-пад чаго. Перастаць быць у якім‑н. стане, становішчы. Выйсці з цярпення. Выйсці з-пад улады. ▪ Жэня ўбачыў маці і зноў устрапянуўся, выйшаў з .. цяжкага здранцвення. Шамякін.

5. безас. Прыйсціся, дастацца, выпасці. На кожнага выйшла па сто рублёў.

6. Зрасходавацца, кончыцца. Выйшлі ўсе запасы. Выйшлі грошы. ▪ Гранаты выйшлі, у ранцах ні галеты. Калачынскі. Маці думала аб тым, што дома выйшаў хлеб, а сена для худобы засталося так мала, што ніяк не хопіць дацягнуць да маладой травы. Сіняўскі. // Прайсці, мінецца (пра час).

7. (звычайна са словам «замуж»). Стаць жонкай каго‑н. Выйшла Аўгіня замуж за Васіля Бусыгу. Колас. — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Корбан.

8. Атрымацца, удацца. Выйшла добрая рэч. Добра выйсці на фота. ▪ Зброя выйшла хоць куды! Маўр. Усмешка выйшла разгубленая, бездапаможная. Карпаў. Усе былі перакананы, што з яго выйдзе славуты лётчык. Мележ. // Стаць, зрабіцца кім‑, чым‑н. Выйсці пераможцам. Выйсці ў вялікія майстры. ▪ [Бондар:] — Мой брат, старэйшы, у камбрыгі выйшаў. Навуменка.

9. Пра паходжанне каго‑н. Выйсці з асяроддзя людзей працы. ▪ Увесь гэты сялянскі воблік і простая вопратка не былі падробліваннем пад народ. Чалавек, які выйшаў з народа, жыў яго інтарэсамі і спадзяваннямі,.. не мог і не жадаў чым-небудзь адрознівацца ад людзей. С. Александровіч.

10. Здарыцца, нечакана адбыцца ў выніку чаго‑н. Выйшла самае нечаканае. ▪ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. [Дзяўчына:] — Дом цягне.. А мяне з дому пацягнула, бо сутычка з татам выйшла. Пташнікаў.

•••

Бокам выйсці; вомегам выйсці — тое, што і бокам (вомегам) вылезці (гл. вылезці).

Выйсці з берагоў — разліцца (пра раку, возера і пад.).

Выйсці з галавы — зусім забыцца.

Выйсці з давер’я — перастаць карыстацца чыім‑н. давер’ем.

Выйсці з моды — перастаць быць модным.

Выйсці з раман — парушыць агульнапрынятыя нормы.

Выйсці з сябе — раззлавацца.

Выйсці з узросту; выйсці з гадоў — перарасці ўзрост, вызначаны для каго‑, чаго‑н.

Выйсці за рамкі — перайсці межы чаго‑н.

Выйсці з-пад пяра каго — быць напісаным кім‑н.

Выйсці (выбіцца) на дарогу — знайсці сваё месца ў жыцці, стаць самастойным.

Выйсці на пенсію (у адстаўку) — перастаць служыць, працаваць.

Выйсці (усплыць) наверх (на паверхню) — выявіцца, стаць вядомым.

Выйсці са строю — стаць непрыгодным, непрацаздольным. Першы і найлепшы яго друг і камандзір выйшаў са строю. Кавалёў.

Выйсці (выбрацца) сухім з вады — пазбегнуць заслужанай кары; астацца непакараным.

Выйсці ў колас — пачаць каласаваць (пра збожжавыя расліны).

Выйсці (выбіцца) у людзі — пасля доўгіх намаганняў дасягнуць трывалага або высокага становішча ў грамадстве. Нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся, чаго хацеў, — у людзі, лічы, выйшаў. Мележ.

Выйсці ў свет — быць апублікаваным (пра друкаванае выданне).

Выйсці ў тыраж — выйсці з ужытку, стаць непрыгодным да чаго‑н.

Выйсці чыстым — аказацца непакараным.

На маё (яго) выйшла — так, як я (ён) хацеў.

(Нічога) не выйдзе — не атрымаецца, не ўдасца. [Іван:] — «Не, з чытання сёння нічога не выйдзе. Ці не пайсці развеяцца?» Гаўрылкін. — «Сцёпа, пачакай! — затрымала яго жонка. — Давай заўтра махнём куды-небудзь у раён. — Нічога не выйдзе, — адказаў Сцяпан Ягоравіч. — Заўтра.. буду заняты». Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадзі́ць, хаджу́, хо́дзіш, хо́дзіць; незак.

1. Мець здольнасць, магчы рухацца, ступаючы нагамі (пра чалавека і жывёл). — Шкадуе бацька вельмі, што не можа хадзіць, — паведаміла шэптам Вера. Шамякін.

2. Тое, што і ісці (у 1 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які паўтараецца, адбываецца ў розны час і ў розных напрамках.

а) Перамяшчацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу). Па-над рэчкай у лузе квяцістым Мы хадзілі, бывала, не раз. Колас. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарамі. Бялевіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху. Збляднелая, змізарнелая Гертруда Паўлаўна ходзіць на дыбачках. Навуменка. Цяпер [свякроў] хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. Брыль. // Карміцца на пашы, пасвіцца (пра жывёлу). За фермай на пасецы ля лесу хадзіла скаціна. Пташнікаў. Людзі ўбачылі нават Архіпа, статак якога хадзіў недалёка ў кустах. Пестрак.

б) Перамяшчацца пэўным маршрутам; ездзіць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Паміж горадам, дзе вучылася Ганна Прыбыткоўская, і Якубавічамі хадзіў аўтобус штодзень. Чорны. — Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я.. На моры зірнуць хоць раз вокам, Як ходзяць па іх караблі. Купала. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар такога перамяшчэння. Хадзіць на вёслах. ▪ [Чмаруцька:] — У мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Лынькоў. // Плаваць, ездзіць у якасці члена экіпажа, вадзіцеля. Хадзіць у міжгароднія рэйсы. ▪ [Павел Пятровіч:] — У час другой сусветнай вайны хадзіў матросам на гандлёвых параходах. Кухараў.

в) Перамяшчацца ў пэўным кірунку (пра свяцілы, хмары і пад.). Дзякуй сонцу, што ў небе хадзіла высока і сцяблам аддавала бацькоўскую сілу. А. Вольскі. Ходзяць зоры над краінай, Дрэвы стомленыя спяць. Глебка. Яшчэ раніцаю на захадзе хадзілі чорныя хмары, цяпер яны аблажылі кругом неба. Гурскі.

г) Перамяшчацца, рухацца масай, патокам, чарадой. Вецер то ходзіць пругка, шырока, нібы пнецца паваліць нешта, то скуголіць прарэзліва і дзіка. М. Стральцоў. Важка ходзіць ужо, не ляжыць акіян. Русецкі. На Случчыне, дажджамі ўмытай, што і казаць, гаспадары: высокай хваляй ходзіць жыта і побач высяцца капры. Вялюгін. / Пра рыб, дробных звяроў. Чародамі ў рэках хадзілі самы. Броўка. Увесь Дняпро ў кругах: ходзіць рыба шалёна. Караткевіч. // Разносіцца, быць чутным (пра гукі, пахі). Смех адказны, смех шчаслівы Ходзіць на пагорках. Колас. / у вобразным ужыв. Ходзіць па нівах бязмежных Вясна маладая. Танк. На снежных шырокіх прасторах Хадзіла зіма і мароз. Глебка.

3. у што, на каго або з інф. Тое, што і ісці (у 2 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які адбываецца ў розны час, у розных напрамках. Хадзіць у госці. Хадзіць у школу. ▪ Корпацца дзень у дзень на гаспадарцы і хадзіць дзень у дзень на работу ніхто не мог бы патрапіць. Чорны. Такіх асілкаў я калісьці сустракаў у Сібіры і на Далёкім Усходзе. З імі не страшна хадзіць на мядзведзя. Паслядовіч. З шчасцем і ў грыбы добра хадзіць. Прымаўка. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. Некалькі гадоў жонка хадзіла па дактарах, ездзіла на курорты. Навуменка. // Выступаць у паход супроць каго‑н., нападаць. Хадзіць вайною. ▪ На ворага [народ] хадзіў у бітвы, хоць вораг быў аж вельмі люты. Дубоўка. Партызаны біліся не на жыццё, а на смерць. Дванаццаць дзён трымалі абарону і самі не раз хадзілі ў атакі. «Маладосць».

4. Пераходзіць, перадавацца ад аднаго да другога. Гэты ліст [жонкі Шышкіна] хадзіў па ўсёй батарэі. Няхай. А гуцулы п’юць, гуляюць, Ходзіць чарка па руках. Зарыцкі. // Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым многім (пра чуткі, весткі і пад.). Пра горку хадзіла легенда, нібы пахаваны на ёй у далёкія-далёкія часы казачны волат-асілак. Лынькоў. — Пра Гарбачэўскага ходзяць легенды, — пачаў Шыманскі. — Ён сотні людзей выратаваў ад смерці... Гурскі. // Праяўляцца то ў адным, то ў другім месцы. Эпідэмія ходзіць. ▪ Словы аб тым, што ёсць на свеце шчаслівыя землі, па якіх не ходзіць жоўтая хвароба, засталіся марай аб лепшым, што рыхтавала.. [Арцёму] будучыня. Самуйлёнак.

5. Быць у руху; рухацца ўзад і ўперад або ўверх і ўніз, з аднаго боку ў другі. А там, за доўгімі сталамі, У стол уткнуўшыся насамі, Сядзяць пісцы, як гною кучкі, Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі. Колас. Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. // Зыбацца, ківацца (з-за няшчыльнага прылягання, злучэння). Маснічына ходзіць пад нагамі. // Калыхацца, дрыжаць. Дзірван пад намі ходзіць (Кол забіваем мы), Каб мог і ён адводзіць Калючыя грамы. Свірка.

6. Падымацца і апускацца пры глыбокім дыханні, пры напружанні і пад. [Колас:] — Я ў Грына моцна надыхваюся марскога ветру, грудзі ходзяць, як у дваццаць гадоў. Лужанін. У.. [Паўліка] нават сапраўдных мускулаў на руках няма, а ў Міколкі яны вунь якімі тугімі гузакамі пад скурай ходзяць. Бяганская.

7. Укісаючы, брадзіць. Цеста ходзіць. // перан. Быць узбуджаным, усхваляваным, узрушаным. Ходзіць лагер, нібы ў віры, Бо загад аддан. А тым часам камандзіры Вывучаюць план. Колас.

8. за чым. Разм. У спалучэнні з назоўнікамі азначае выкананне пэўнай работы, дзеяння пры дапамозе прылады, названай назоўнікам. Юрка патузваў лейцы, гукаў на каня і ўслед за ім, вельмі паволі, хадзіў за бараною. Чорны. [Марыя] хадзіла і за плугам, і за бараной, брала ў рукі і касу. «Звязда».

9. каля (ля) каго-чаго. Клапаціцца аб кім‑, чым‑н., даглядаць каго‑, што‑н. Змалку прывучыў.. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. [Доктар:] Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва.

10. за кім. Заляцацца да каго‑н. За.. [Валяю] хадзілі хлопцы, але ніводзін не быў падобен да.. [Кавальчука]. Чорны. — Вы, цётка, думаеце, Сак за мной ходзіць? Не. Ён хоча браць Раю. Сягоння б ажаніўся, каб пайшла. Ермаловіч.

11. Насіць што‑н., апранацца як‑н., у што‑н. Цяпер Антон хадзіў чыста, галіўся, нават паправіўся. Ракітны. Адзін жыў — у лапцях хадзіў, у калгас прыйшоў — каптан знайшоў. Прымаўка.

12. Разм. Быць у якім‑н. званні, на якой‑н. пасадзе, на якой‑н. рабоце. [Баба Параска:] — А ты стаў культурны. Усё дзякуй ды дзякуй. На кожным, лічы, слове. Нябось вывучыўся недзе, можа ў начальніках ходзіш? Чыгрынаў. Не сорамна цяпер Марыі Пятроўне за дачку. У перадавіках ходзіць. «Работніца і сялянка».

13. Быць, знаходзіцца ў якім‑н. стане, настроі. Панурыя, злыя хадзілі мужчыны, аб чымсьці перашэптваліся, спрачаліся, дамаўляліся. Лынькоў. Слава, якому Тоня дазволіла неяк раз мазнуць пэндзлем, хадзіў сярод братоў і сясцёр ледзь не героем: лічыў сябе амаль запраўскім маляром. Даніленка. Вясёлы, гаманкі быў [Сцяпан Лісоўчык], калі ў хлопцах хадзіў. Ракітны. // Разм. Быць цяжарнай, чакаць дзіця. — Дык гэта ж у іх, пэўна, радзіны! — пляснула цётка рукамі. — Саша ж ходзіць апошнія дні. Васілевіч.

14. Выкарыстоўвацца тым або іншым чынам, у той або іншай запрэжцы (пра коней і пад.). [Сомік] адмаўляўся, што ў яго конь малады, у цяжкім возе ніколі не хадзіў, а каню было ўжо чатыры гады. Крапіва.

15. Рабіць ход якой‑н. фігурай, картай. Хадзіць канём. Хадзіць козырам.

16. Разм. Адпраўляць натуральную патрэбу. Хадзіць на двор.

17. заг. хадзі́(це). Разм. Запрашэнне ісці куды‑н., прыступаць да чаго‑н. — Ну, хадзі за стол, нябога; Сядзь і ты, стары, сюды, Пасілкуйцеся з дарогі... Колас. Хадзіце, хадзіце к марозу! Хадзіце ў госці хутчэй! Купала.

•••

Вецер ходзіць дзе гл. вецер.

Вецер ходзіць у галаве — тое, што і вецер гуляе ў галаве (гл. вецер).

Галава ходзіць кругам — тое, што і галава ідзе кругам (гл. галава).

Далёка хадзіць не трэба гл. трэба.

З торбай хадзіць — жабраваць, прасіць міласціну.

Каб ты па гары хадзіў ды сонца не бачыў! — ужываецца як праклён.

Каб ты па свеце не хадзіў! — ужываецца як праклён.

Па адной дошчачцы (маснічыне) хадзіць — дагаджаць каму‑н., падпарадкоўвацца ва ўсім.

Пад стол пяшком хадзіць — быць яшчэ зусім малым.

Пад сядлом хадзіць — выкарыстоўвацца для верхавой язды (пра коней).

Справа ходзіць пра што (аб чым) — тое, што і справа ідзе пра што (аб чым) (гл. справа 1). Дзед Талаш — чалавек пераважна замкнуты. Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна, асабліва калі справа ходзіць аб важных рэчах. Колас.

У золаце хадзіць — быць багатым.

Улегцы хадзіць — не быць нагружаным працай.

У чубы хадзіць — тое, што і брацца за чубы (гл. брацца).

Хадзіць арлом (гогалем) — хадзіць важна, ганарыста.

Хадзіць бабылём — доўга не жаніцца, жыць адзінока, без сям’і.

Хадзіць гужам (роем) за кім — выказваць сваё захапленне кім‑н.; пра поспех у многіх.

Хадзіць козырам (кандзібоберам) — паводзіць сябе ганарліва, незалежна; задавацца.

Хадзіць кругом ды навокала — гаварыць намёкамі, абыходзячы сутнасць справы.

Хадзіць на галаве — дурэць, сваволіць, нікога не слухацца.

Хадзіць (стаяць) на задніх лапках перад кім — прыслужвацца, выдыгаць перад кім‑н.

Хадзіць на мяккіх лапах — а) хадзіць крадучыся, цішком, каб не чулі; б) перад кім услужваць каму‑н., выслужвацца перад кім‑н.

Хадзіць на пальчыках — далікатна абыходзіцца з кім‑н., выказваючы павагу, шкадуючы каго‑н.

Хадзіць на пары́ — пра цяжарную перад блізкімі родамі.

Хадзіць на часах — тое, што і хадзіць на пары́.

Хадзіць пад пенай — цяжка, заўзята працаваць.

Хадзіць па зямлі — жыць.

Хадзіць па людзях — набірацца, жабраваць.

Хадзіць па лязе — рызыкаваць, быць у небяспецы.

Хадзіць па руках — а) пераходзіць ад аднаго да другога, быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога; б) уступаць у любоўныя зносіны то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну). — Хто ведае, .. што было б з тою шляхцянкаю, што адзін час нават па руках хадзіла? Бажко.

Хадзіць па струнцы — быць вельмі дысцыплінаваным, паслухмяным; бясспрэчна падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Сыны, дочкі, унукі і праўнукі хадзілі па струнцы, разам садзіліся за стол і, пад’еўшы, дзякавалі бабцы, хоць яна даўно не кухарыла. Лужанін.

Хадзіць у воўчай скуры (шкуры) — маскіравацца з пэўнай мэтай. [Багуцкі:] — Мне нельга, аднак, адкрыта гаварыць з імі [рабочымі] і мне абрыдла.. хадзіць у гэтай воўчай скуры і адчуваць, як кожны позірк нашых людзей нібы распаленым жалезам працінае маё сэрца. Лынькоў.

Хадзіць у запрэжцы — а) быць запражным, выкарыстоўвацца ў якасці запражнога (пра каня, вала і пад.); б) рабіць адну справу.

Хадзіць улукаткі — хадзіць зігзагамі, крыва, віляючы з боку ў бок.

Хадзіць (прасіцца) у наначкі — хадзіць да каханай дзяўчыны (жанчыны) і заставацца там нанач. За гарадской прапіскаю Вы ідзяце ў нянечкі. Вас у пад’ездах ціскаюць, Салдаты просяцца ў наначкі. Барадулін.

Хадзіць у пазычкі — пазычаць.

Хадзіць фертам — мець бравы, самаздаволены выгляд.

Хадзіць ходырам (хадуном) — а) моцна хістацца, калыхацца. Кузаў рыпеў, патрэскваў, хадзіў ходырам; пасажыраў вадзіла ва ўсе бакі. Ракітны. Ірка спынілася — сталі і.. [алені]. Дыхалі часта-часта, бакі ў іх хадзілі хадуном. Пташнікаў; б) быць у руху, кіпець, хвалявацца. Ды і ад дзеда Хвядоса, і ад даўгінаўскіх дзядзькоў я чуў, што некаторыя фальваркі ўжо хадуном ходзяць, а паны грызуцца паміж сабою, як сабакі. Бажко.

Хадзіць як пад зямлёй — мець прыгнечаны стан, дрэнны настрой.

Чыста хадзіць каля посуду — есці ўсё да канца, усё, што даюць, з апетытам.

Язык гладка ходзіць гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)