ЛЯАСІ́, Жэхэ,
нагор’е на ПнУ Кітая. Пл. каля 120 тыс. км². На ПнЗ — сістэма хвалістых плато і невысокіх масіваў выш. 500—1300 м, на ПдУ — скалістыя горы выш. 1000—1600 м, найб. — 2050 м (г. Улуншань). Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Радовішчы каменнага вугалю. Перадгор’і глыбока расчлянёныя далінамі рэк бас. Луаньхэ, Ляахэ і інш. У даліне р. Жэхэ (прыток Луаньхэ) гарачыя мінер. крыніцы. Стэп, месцамі зараснікі хмызнякоў і гаі з дубу, клёну, арэху. Даліны густа населены і апрацаваны (палі чумізы, гааляну; сады).
т. 9, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАНІ́Н,
правінцыя на ПнУ Кітая. На Пд абмываецца Жоўтым м., на У прымыкае да мяжы з КНДР. Пл. 151 тыс. км². Нас. 39,5 млн. чал. (1990). Адм. ц. — Шэньян (Мукдэн). Больш за 1 млн. ж. у гарадах Шэньян, Фушунь, Аньшань. Паверхня пераважна гарыстая. На У Усх.-Маньчжурскія і Ляадунскія горы (выш. да 1367 м), на З адгор’і гор Ляасі, у цэнтр. ч. — нізінная раўніна. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, гаручых сланцаў, магнезіту, алюмініевай сыравіны. Клімат мусоннага тыпу з гарачым вільготным летам і халоднай маласнежнай зімой. Ападкаў 500—1000 мм за год. Гал. рэкі Ляахэ і Ялуцзян. Л. — адзін з важнейшых індустр. раёнаў Кітая. На долю Л. прыпадае значная ч. здабычы каменнага вугалю (Фушунь і Фусінь), жал. руды (Аньшань і Бэньсі), сланцаў і інш. Буйныя ЦЭС і ГЭС. Агульнанац. значэнне мае чорная і каляровая металургія. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (горназаводскае абсталяванне, станкі, эл.-тэхн. вырабы, чыг. рухомы састаў, судны, трактары), хім., нафтаперапр., буд. матэрыялаў, тэкст., харч. (алейная, мукамольная). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства, часткова арашальнае. Вырошчваюць пшаніцу, рыс, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь. Агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыгуначны, марскі, рачны. Гал. марскія парты: Люйда, Аньдун, Інкоў.
І.Я.Афнагель.
т. 9, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)