Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЗІ́ЗМ,
сацыяльна-паліт. і філас.-этычнае вучэнне ў Індыі. Узнік у 1920—40-я г. ў перыяд уздыму нац.-вызв. барацьбы. Назва паходзіць ад імя яго заснавальніка М.К.Гандзі. Гал. прынцып гандзізму — пераадоленне каланіяльнага прыгнечання дзейнай сілай духоўна-маральнага ўдасканалення і ўзвышэння прыгнечаных над прыгнятальнікамі, ці актыўнага, мэтанакіраванага ненасілля. Прадугледжвалася схіленне да антыкаланіяльнай барацьбы ўсяго насельніцтва Індыі незалежна ад каставых, расавых, этнічных, рэліг. і інш. адрозненняў. Устаноўка на актыўнае ненасілле ажыццяўлялася ў форме несупрацоўніцтва з каланіяльнай адміністрацыяй (адмова ад атрымання ганаровых тытулаў і званняў, байкот каланіяльнай палітыкі і інш.), грамадз. непакорнасць (нявыплата падаткаў, спыненне дзелавой актыўнасці). Грамадскі ідэал гандзізму — грамадства без эксплуатацыі і прыгнечання чалавека чалавекам, дзе кожнаму індывіду дадзена магчымасць сцвярджаць і адстойваць свае правы. Ідэалізуюцца праца ў яе простых формах, патрыярхальныя адносіны паміж грамадскімі групамі (класавы мір, апека багатых над беднымі). Гандзізму ўласціва рэзкая крытыка тэхн. цывілізацыі. У час барацьбы Індыі за незалежнасць гандзізм быў ідэалагічнай асновай пераадолення вынікаў каланіяльнага панавання Англіі, антыфеад. і прагрэс. пераўтварэння грамадскага жыцця, барацьбы супраць сепаратызму і кансалідацыі індыйскай нац. дзяржаўнасці, умацавання Індыі ў свеце. Асн. палажэнні вучэння гандзізму сталі афіц. ідэалогіяй партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс.
Літ.:
Намбудирипад Е.М. Махатма Ганди и гандизм: Пер. с англ. М., 1960;
Мартышин О.В. Политические взгляды М.К.Ганди. М., 1970;
Литман А.Д. Современная индийская философия. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭ́РУ (Джавахарлал) (14.11.1889, г. Алахабад, Індыя — 27.5.1964),
палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Юрыст. Сын М.Нэру. Бацька І.Гандзі. Скончыў школу ў Хараў і Кембрыджскі ун-т. Чл.Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК, з 1912). З 1916 актыўны ўдзельнік інд.нац.-вызв. руху. Бліжэйшы паплечнік М.К.Гандзі. Адзін з арганізатараў масавых кампаній грамадз. непадпарадкавання брыт. уладам. За сваю дзейнасць 9 разоў быў арыштаваны брыт. ўладамі, правёў у турмах больш за 10 гадоў. Неаднаразова быў выбраны старшынёй ІНК (1929—30, 1936—37, 1946, 1951—54). Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Індыі (1947—64). Вял. ўплыў на яго грамадска-паліт. погляды зрабілі сацыяліст. ідэі; быў прыхільнікам пабудовы ў Індыі некапіталіст. грамадства, адначасова стаяў за шматукладнасць у эканоміцы і падтрымку нац. вытворцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы 5 гадовых планаў развіцця інд. гаспадаркі. У знешняй палітыцы — адзін з аўтараў пяці прынцыпаў мірнага суіснавання, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху і ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955. Шмат зрабіў для стварэння і ўмацавання ў Індыі прадстаўнічай дэмакр. сістэмы, ін-таў інд. федэралізму, ажыццяўлення аграрнай рэформы.
Тв.:
Рус.пер. — Автобиография. М., 1955;
Внешняя политика Индии: Избр. речи и выступления, 1946—1964. М., 1965;
Взгляд на всемирную историю: Письма к дочери из тюрьмы, содержащие свободное изложение истории для юношества. Т. 1—3. М., 1989;
Открытие Индии. Кн. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Насенко Ю.П. Джавахарлал Неру и внешняя политака Индии. М., 1975;
Вафа А.Х., Литман А.А. Философские взгляды Джавахарлала Неру. М., 1987;
Мартышин О.В. Полигические взгляды Джавахарлала Неру. М., 1981.