ЛЕЦЫЦІ́НЫ (ад грэч. lekithos яечны жаўток),

халінфасфатыды, складаныя эфіры амінаспірту халіну і дыгліцэрыдфосфарных кіслот; найважн. прадстаўнікі фосфаліпідаў. Малекулы складаюцца з рэшткаў гліцэрыну, тлушчавых к-т, фосфарнай к-ты і халіну.

Гіграскапічныя воскападобныя рэчывы, добра раствараюцца ў спіртах. У арганізме чалавека многа Л. у печані, сардэчнай мышцы, нерв. тканцы. Шмат Л. у яечным жаўтку, ікры рыбы, насенні coi і сланечніку. Асн. функцыя ў арганізме — удзел у будаўніцтве біял. мембран. Шэраг Л. атрыманы сінтэтычна. У медыцыне пры хваробах нерв. сістэмы, анеміях ужываюць цэрабралецыцін, які атрымліваюць экстракцыяй з мозга буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкстыльнай і касметычнай прам-сці.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лецыці́ны

(ад гр. lekithos = жаўток яйца)

тлушчападобныя арганічныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў раслінных і жывёльных арганізмах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лецыціна́зы

(ад лецыціны)

рэчывы бялковай прыроды (ферменты), якія раскладаюць фасфатыды ў арганізмах жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАЛАКО́,

сакраторная вадкасць малочных залоз млекакормячых жывёл і чалавека, фізіялагічна прызначаная для выкормлівання дзіцянят. Выпрацоўваецца ў перыяд лактацыі. Змяшчае большасць элементаў, неабходных для нармальнага росту і развіцця арганізма, аховы яго ад захворванняў, у збалансаваным, аптымальным для засваення стане. Склад М. залежыць ад віду, пароды, узросту жывёл, стадыі лактацыі, сезона года і інш. Асн. кампаненты М.: вада, бялкі (казеін, лактаглабулін, лактальбумін), тлушчы (гліцэрыны), малочны цукар (лактоза), мінер. рэчывы (калій, кальцый, магній, натрый, фосфар і інш. макра- і мікраэлементы), большасць вядомых вітамінаў, імунаглабуліны. Некаторыя з іх (казеін, лактоза) у інш. прыродных прадуктах адсутнічаюць. У невял. колькасцях у М. ёсць свабодныя амінакіслоты, інш. азоцістыя злучэнні (ацэтылхалін, крэацін і інш.), тлушчападобныя рэчывы (лецыціны, халестэрын, эргастэрын і інш.), свабодныя тлустыя к-ты, ферменты (лактаза, ліпаза, пераксідаза, пратэіназа і інш.), гармоны (аксітацын, інсулін, пралакцін і інш.), пігменты, газы (вуглякіслы газ, кісларод, вадарод, аміяк), мікраарганізмы; у сырадоі — антыбактэрыяльныя рэчывы (лактэніны). М. многіх с.-г. жывёл — каштоўны харч. прадукт, сыравіна для вытв-сці разнастайных малочных прадуктаў. Найб. шырока выкарыстоўваецца каровіна М., якое змяшчае ў сярэднім вады 87%, тлушчу 3,9, бялку 3,2 (казеіну 2,7), малочнага цукру 4,7, мінер. рэчываў 0,7%; мае энергет. каштоўнасць 690 ккал/кг.

Л.​Л.​Галубкова.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)