ЛЕЙБЛЬ ((Leibl) Вільгельм Марыя Губерт) (23.10.1844, г. Кёльн, Германія — 4.12.1900),
нямецкі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік ням.рэаліст. жывапісу 19 ст. Вучыўся ў Г.Бекера (1861—64) і ў АМ у Мюнхене (1864—69). Зазнаў уплыў Г.Курбэ. Пісаў пераважна партрэты і сцэны побыту патрыярхальнага баварскага сялянства. У ранніх творах уплывы франц.рэаліст. жывапісу (партрэт П.Сіньеі-Мершэ, 1869; «Какотка», 1870; «Стары пан Паленберг», 1871, «Партрэт работніцы»). Пазней звяртаўся да спадчыны ням. мастацтва Адраджэння («Тры жанчыны ў царкве», 1878—82, і інш.). У карцінах апошніх гадоў жыцця свабодны, мяккі, насычаны паветрам і святлом жывапіс блізкі да імпрэсіянізму («Прадзільшчыца», 1892).