ЛАХТА́К, марскі заяц (Erignathus barbatus),

воднае млекакормячае сям. сапраўдных цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны ў арктычных раёнах Атл. і Ціхага акіянаў, Ахоцкім моры. Трымаецца пераважна паасобку на мелкаводдзях, восенню ўтварае лежбішчы па 1000 асобін і больш.

Даўж. да 2,7 м, маса да 360 кг. Валасяное покрыва негустое, грубае, бура-шэрае, часам са светлымі плямамі на спіне. Корміцца доннымі беспазваночнымі, рыбай. Размнажаецца вясной на дрэйфуючых ільдах. Нараджае 1 дзіцяня. Аб’ект промыслу.

Э.Р.Самусенка.

Лахтак.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́ ЗА́ЯЦ,

млекакормячая жывёла, гл. Лахтак.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРАЎ УРА́НГЕЛЯ,

запаведнік у Расіі, у Магаданскай вобл. Размешчаны на а-вах Урангеля і Геральд ў Паўн. Ледавітым ак., на мяжы Усх.-Сібірскага і Чукоцкага м. Засн. ў 1976 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў арктычных астравоў, у першую чаргу радзільных бярлог (каля 250) белага мядзведзя, занесенага ў Чырв. кнігу. Пл. 795,6 тыс. га. На в-ве Геральд знаходзяцца самыя буйныя ў свеце лежні маржоў (каля 95 тыс. асобін), трапляюцца таксама лахтак, нерпа, расамаха. На в-аў Урангеля завезены свойскі паўн. алень і аўцабык. Разнастайная арнітафауна: белая гусь (адзінае месца гнездавання, каля 100 тыс. птушак штогод, від занесены ў Чырв. кнігу), чорная казарка, звычайная гага, маранкі, кулікі, паморнікі і інш.; вял. птушыныя базары з фонавымі відамі берынгава баклана, чайкі-мыеўкі і кайры.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)