Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІЎСЯКІ́ (Juliformia),
атрад двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. Жывуць у лясным подсціле, глебе. На Беларусі каля 15 відаў, дамінуюць странгілазома чорная (Strongylosoma pallipes) і гламерыс конекса (Glomeris connexa).
Даўж. ад 1 да 20—30 см (трапічныя формы). Цела цыліндрычнае, складаецца з сегментаў (больш за 30). Глебаўтваральнікі, кормяцца рэшткамі і каранямі раслін, апалым лісцем. Развіццё з анамарфозам. У некат. відаў сакрэт абарончых залоз ядавіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПАРНАНО́ГІЯ (Diplopoda),
клас мнаганожак. 13 атр., у т. л.кіўсякі (3 атр.). Каля 50 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Наземныя жывёлы, жывуць у месцах з павышанай вільготнасцю: лясным подсціле, глебе, пад камянямі або бярвёнамі і інш. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі атр.касцянак і гроначнікаў. У Белавежскай пушчы 15 відаў, з якіх дамінуюць странгілазома чорная (Strongylosoma pallipcs) і гламеры конекса (Glomeris connexa).
Цела выцягнутае, цыліндрычнае, падзелена на галаву і сегментаванае тулава, большасць членікаў якога мае 2 пары ног (адсюль назва). У большасці 1—2 ядавітыя залозкі. Развіццё з анамарфозам. Кормяцца гніючымі расліннымі рэшткамі. Удзельнічаюць у глебаўтварэнні, спрыяюць гуміфікацыі і мінералізацыі адмерлых ч. раслін. Некат. пашкоджваюць карэнні с.-г. раслін.