КІТАЕ́НКА (Дзмітрый Георгіевіч) (н. 18.8.1940, С.-Пецярбург),

расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1966). З 1969 дырыжор, з 1970 гал. дырыжор Муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1969 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1986 праф.). Пры яго ўдзеле ў Муз. т-ры адноўлены пастаноўкі опер «Кармэн» Ж.​Бізэ (1969), «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1972), «Багема» Дж.​Пучыні (1973), балета «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1971), пастаўлены оперы «Алека» С.​Рахманінава і «Маўра» І.​Стравінскага (1973). Кіраваў пастаноўкай опер «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1982) і «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1983) у Венскай оперы і інш. 2-я прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе маладых дырыжораў Фонду Г.​Караяна (Зах. Берлін, 1969). Дзярж. прэмія Расіі 1988. З 1990 жыве за мяжой.

т. 8, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ МУЗЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ К.С.СТАНІСЛА́ЎСКАГА І У.І.НЕМІРО́ВІЧА-ДА́НЧАНКІ.

Створаны ў 1941 у выніку аб’яднання Опернага т-ра імя Станіслаўскага (з 1928) і Муз. т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1926). З 1964 акадэмічны. У рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных кампазітараў. Сярод пастановак: оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Іаланта» П.​Чайкоўскага, «Любоў да трох апельсінаў», «Заручыны ў манастыры» («Дуэння») і «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева, «Сям’я Тараса» і «Кала Бруньён» Дз.​Кабалеўскага, «Кацярына Ізмайлава» (рэд. 1962) Дз.​Шастаковіча; балеты «Капелія» Л.​Дэліба, «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Папялушка» і «Скіфы» (на муз.) Пракоф’ева, «Атэла» А.​Мачаварыяні; аперэты «Доння Жуаніта» Ф.​Зупе, «Бедны студэнт» К.​Мілёкера і інш. Вял. ўклад у развіццё т-ра зрабіў С.Самасуд. У розны час у т-ры працавалі: спевакі Г.​Бушуеў, С.​Галемба, М.​Гольдзіна, М.​Мельтцэр, Н.​Кемарская, У.​Кандэлакі (двое апошніх і рэж.), П.​Макееў, А.​Расніцкая, С.​Цэнін, Т.​Юдзіна; салісты балета Н.​Конюс, М.​Рэдзіна, М.​Сарокіна, В.​Боўт, Э.​Уласава, М.​Драздова, В.​Тэдзееў. Сярод рэжысёраў Неміровіч-Данчанка, П.​Маркаў, І.​Туманаў, Л.​Баратаў, Л.​Міхайлаў, І.​Шароеў, А.​Ціцель (гал. рэж. з 1991), балетмайстраў — У.​Бурмейстар, А.​Чычынадзе, Дз.​Бранцаў (гал. балетмайстар з 1985), дырыжораў — К.​Дж.​Абдулаеў, В.​Есіпаў, Г.​Жамчужын, Дз.​Кітаенка, У.​Понькін (гал. дырыжор з 1996), мастакоў — А.​Лушын, У.​Арэф’еў (гал. мастак з 1992).

Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.​С.​Станіслаўскага і У.​І.​Неміровіча-Данчанкі. Сцэна з балета «Лебядзінае возера».

т. 10, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),

кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.

Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст, па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.​Мозель, К.​М.​Вебер, Л.​Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.​Бетховенам, Г.​Берліёзам, Ф.​Лістам, Ф.​Мендэльсонам) — Р.​Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.​Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.​Рыхтэр, Г.​Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.​Нікіш, Я.​Ферэнчык (Венгрыя), Ф.​Мотль, Ф.​Вейнгартнер, К.​Мук, Р.​Штраус, Б.​Вальтэр, В.​Фуртвенглер, О.​Клемперэр, Г.​Абендрот, К.​Мазур, К.​Зандэрлінг (Германія), А.​Тасканіні, К.​Абада (Італія), П.​Манцё, Ш.​Мюнш, А.​Клюітэнс, І.​Маркевіч (Францыя), Т.​Бічэм, А.​Боўлт, А.​Коўтс (Вялікабрытанія), В.​Бярдзяеў, Г.​Фітэльберг (Польшча), В.​Менгельберг (Нідэрланды), Л.​Стакоўскі, Дж.​Сел, Л.​Бернстайн (ЗША), Э.​Ансермэ (Швейцарыя), Д.​Мітропулас (Грэцыя), В.​Таліх (Чэхія, Славакія), Л.​Матачыч (Югаславія), Дж.​Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.​Пашкевіч, І.​Хандошкін, М.​Балакіраў, Э.​Напраўнік, А. і М.​Рубінштэйны, 20 ст. — М.​Галаванаў, С.​Кусявіцкі, А.​Пазоўскі, С.​Рахманінаў, С.​Самасуд, В.​Сафонаў, В.​Сук, пазней А.​Гаўк, В.​Гергіеў, В.​Дударава, І.​Зак, К.​Іваноў, К.​Кандрашын, Д.​Кахідзе, Дз.​Кітаенка, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, І.​Мусін, Н.​Ніязі, Г.​Раждзественскі, Н.​Рахлін, Я.​Свягланаў, Ю.​Сіманаў, К.​Сімяонаў, У.​Співакоў, Ю.​Фаер, У.​Федасееў, Б.​Хайкін, Ю.​Цемірканаў, А.​Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.​Дабравольскі, Ю.​Дашчынскі, браты В. і Д.​Стафановічы, у 20 ст.хар. дырыжоры М.​Дрынеўскі, А.​Кагадзееў, Н.​Ламановіч, І.​Мацюхоў, Г.​Пятроў, В.​Роўда, Г.​Цітовіч, Р.​Шырма, Л.​Яфімава, нар. аркестра — І.​Жыновіч, Дз.​Захар, М.​Казінец, оперна-сімф. — І.​Абраміс, А.​Анісімаў, Б.​Афанасьеў, Я.​Вашчак, І.​Гітгарц, Н.​Грубін, В.​Дуброўскі, Т.​Каламійцава, М.​Калядка, Л.​Любімаў, Л.​Лях, У.​Машэнскі, Г.​Праватораў, Ю.​Цырук, А.​Энгельбрэхт, Ю.​Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.​Бяльзацкі, Б.​Райскі, Э.​Рознер, М.​Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел. ун-т культуры.

Літ.:

Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;

Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;

Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;

Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)