КІРЫ́ЛАЎ (Герман Іларыёнавіч) (н. 15.12.1937, г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў на Віцебшчыне ў перыяд. друку, з 1976 уласны карэспандэнт абл.газ. «Віцебскі рабочы» ў Полацку. Друкуецца з 1974. У творах — роздум сучасніка над складанымі праблемамі жыцця, тэма Вял.Айч. вайны: раман «Пах жыта» (1989), аповесць «Сонца тваіх вачэй» (1981), апавяданні «Без крыўды ў сэрцы», «Татава пілотка», «Адажыо» і інш. Аўтар п’есы «У ноч напрадвесні» (1974), нарысаў, гумарэсак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 28.10.1939, г. Севастопаль, Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэлекамунікацый. Д-ртэхн.н. (1993), праф. (1994). Скончыў Ленінградскі эл.-тэхн. ін-т (1963). З 1966 у Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па павышэнні эфектыўнасці шматканальных сістэм тэлекамунікацый. Распрацаваў новыя метады параметрычнай аптымізацыі, дыягностыкі, кантролю, вымярэння асн. параметраў якасці тэлекамунікацыйных сістэм.
Тв.:
Высокоэффективные системы информационного обмена для пространственно разнесенных телевизионных комплексов. Мн., 1989;
Системы кабельного телевидения на коаксиальных и волоконно-оптических линиях связи // Бытовая радиоэлектронная техника: Энцикл. справ. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛАЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 13.2.1948, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. вучоны-біяфізік. Д-рбіял.н. (1991). Скончыў БДУ (1971). З 1980 у НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, з 1988 у Н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Навук. працы па вывучэнні структуры мембран клетак, іх узаемадзеянні з вірусамі, распрацоўцы метадаў ацэнкі і дыягностыкі індывідуальных набраных доз радыяцыі, захворванняў шчытападобнай залозы.
Тв.:
Участие Na+/H+-обмена и диффузии молочной кислоты в кислотозависимом процессе раздевания вируса гриппа (у сааўт.) // Докл.АНСССР. 1989. Т. 309, № 2;
Кариометрический анализ патологических изменений фолликулярных клеток щитовидной железы (разам з Ю.П.Юшчанкам, Я.П.Дзямідчыкам) // Архив патологии. 1994. Т. 56, № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛАЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 10.3.1930, в. Пашкова Весьягонскага р-на Цвярской вобл., Расія),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай у Ленінградзе (1959). Працуе ў галіне комплекснага маст. праектавання, а таксама ў жывапісе, акварэлі, графіцы. Аўтар праектаў маст. афармлення экспазіцый Бел. музея гісторыі Вял.Айч. вайны (1964), ВДНГБССР (1972, 1977; цяпер Рэсп. выставачны цэнтр) і інш. Стварыў адметныя дакладнасцю характарыстыкі, кампазіцыйнай завершанасцю партрэты: «Мантажнік» (1971), разьбяра па дрэве С.Гуткоўскага (1976), фотамастака М.Шарая (1995), д-ра навук Л.Я.Мінько (1997), акадэміка медыцыны І.М.Грышына, кінарэжысёра Ю.Азаронка (абодва 1998) і інш. Аўтар серый пейзажаў «Па Залатым кальцы» (1963), «Па Сібіры» (1971), «Па Беларусі» (1982) і інш., прасякнутых замілаваннем да прыроды і людзей.