КІ́РУНА (Kiruna),

горад на Пн Швецыі, за Палярным кругам. Засн. ў 1898, гар. правы з 1908. 26 тыс. ж. (1991). Буйнейшы цэнтр здабычы жал. руды ў Еўропе (больш за 25 млн. т штогод; руда ідзе на экспарт пераважна праз нарв. порт Нарвік).

т. 8, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РЛАНД (Norrland),

пласкагор’е на У Скандынаўскага паўвострава на Пн Швецыі і Фінляндыі. Паніжаецца прыступкамі з З на У (ад Скандынаўскіх гор да Батнічнага зал.) ад 800 да 200 м. Складзена з крышт. парод Балтыйскага шчыта. Характэрны марэнныя грады і інш. формы стараж.-ледавіковага рэльефу, азёры, паўнаводныя парожыстыя рэкі. Расліннае покрыва — таежныя лясы. Лесанарыхтоўкі. Каскады ГЭС. Здабыча жал. руды (цэнтр — г. Кіруна), руд каляровых металаў.

Э.Р.Самусенка.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,

дадатная структура на ПнЗ Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.

Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.

Г.У.Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)