Кіба́лка ’старажытны жаночы галаўны ўбор, абруч, на які накручваюцца валасы’ (Малч., ТС, Сцеп., Сержп. Грам., Нік., Шн., Маш.), ’хустка’ (ДАБМ, Серб.). Укр. кибалка ’тс’. Варыянт гибалка ’тс’ сведчыць аб магчымасці ўзводзіць гэтыя словы да дзеяслова гібаць (гл.). Семантыка тлумачыцца тым, што на ўбор або абруч накручваюцца валасы (ЕСУМ, 2, 428). Аднак існуе пераканаўчая гіпотэза аб балтыйскім паходжанні ўсходнеславянскіх слоў. Параўн. літ. kýblas ’шырокая павязка на валасах дзяўчыны’, kỹbulas ’шырокая стужка, на якую накручваюць валасы кругом галавы’. Прыняць славянскае паходжанне для гэтых слоў немагчыма (Буга, Rinkt, 3, 777). Да таго ж у адрозненне ад беларускіх, украінскіх і рускіх слоў літоўскія маюць даволі празрыстую этымалогію. Яны ўзводзяцца да kìbti ’чапляцца’, kabė́ti, kybóti ’вісець, абвісаць’, kabìnti ’абхопліваць, браць у кола’ і інш. Неабходна адзначыць, што рад украінскіх і беларускіх слоў мае форму з м (кімбалка, кимбалка), якая адпавядае форме цяперашняга часу дзеяслова kìbti (kim̃ba) (Лаўчутэ, Балтизмы, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кімба́лка ’абруч з ільну або саломы, які паляшучкі насілі на галаве пад хусткай’ (Тарн.). Гл. кібалка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАМІ́ТКА, павойнік, хуста, сярпанка,

даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Складаўся з уласна Н. — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) 30—60 см шырынёй, ад 2,3—2,6 да 5 м даўжынёй, абматанага паверх чапца і тканкі (лямец, кібалка). Вядома каля 30 спосабаў абмотвання Н. Часам абодва яе канцы завязвалі ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часта Н. замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы Н., іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі строй, маларыцкі строй, кобрынскі строй). Святочную Н. аздаблялі зелянінай, букетам штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), кветкамі вяргіні (пінска-івацэвіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з 2 «рожкамі» — пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў маларыцкім строі). Першы раз у Н. ўбіралі нявесту на вяселлі (абрад «ачэпін»), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. Найдаўжэй бытавала на Палессі (да 1950-х г.). Іл. гл. таксама ў арт. Галаўныя ўборы.

М.Ф.Раманюк.

Жанчыны ў святочных уборах з наміткамі. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)