КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,
старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст. н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст. н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.
Літ.:
Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;
Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;
Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КТРЫЯ,
гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр. Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-га тыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз. Тахарыстан.
Літ.:
Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;
Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.
т. 2, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)