Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСІ́О, Японскае цячэнне,
цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак., каля паўд. і ўсх. берагоў Японіі, працяг Паўн. Пасатнага цячэння. Паўд.ч.шыр. каля 170 км, глыб. пранікнення да 700 м. Т-ра вады на паверхні ад 12 да 28°C. Скорасць ад 0,9 да 2,9 км/гадз. Перанос вады каля Японіі 40—50 млн.м³/с, на Пд да 20—30 млн.м³/с. Утварае ў паўн.ч. Ціхага ак. сістэму цёплых цячэнняў. Каля 36° паўн. ш. і 150° усх. д. пераходзіць у Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне. Галіны К. пранікаюць у паўн. напрамку (вышэй за 40° паўн. ш.), сустракаюцца з халодным Курыльскім цячэннем і ўтвараюць шматлікія кругавароты. На У яго працягам з’яўляецца цёплае Аляскінскае цячэнне. Аказвае вялікі ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн.ч. Ціхага ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕАясіо,
халоднае паверхневае цячэнне на ПнЗ Ціхага ак., якое рухаецца з Пн на Пд уздоўж усх. берагоў Курыльскіх а-воў і в-ва Хакайда. Т-ра вады зімой 0—5 °C, летам 8—16 °C. Скорасць 0,5—0,9 км/гадз. Каля 40° паўн. ш. пры сустрэчы з цячэннем Курасіо адбываецца інтэнсіўнае перамешванне паверхневых вод і іх заглыбленне, што дае пачатак Паўночна-Ціхаакіянскаму цячэнню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,
паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн.ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.